Эксперт: 118 тысяч турыстаў у год — ганебная лічба для Беларусі

130304_eurafokus.mp3

Як паведамляе Белстат, летась Беларусь арганізавана наведалі 118 тысяч турыстаў (на 2,3% больш, чым у 2011 годзе). Ацэньваючы сітуацыю, рэдактарка выдання “Туризм и отдых” Лілія Кобзік лічыць гэту лічбу ганебнай.

Лілія Кобзік: “Ніхто, я думаю, не разлічваў, што будзе такая стагнацыя. І гэта нягледзячы на тое, што заяўляюць у Мінску 400 тысяч турыстаў, нейкія мільярды прыводзяць, што там прыносіць гэты турызм. Але заўсёды ў свеце менавіта арганізаваныя турысты лічацца лакмусавай паперкай, якая паказвае, як развіваецца турызм”.

Эксперт не здзіўляецца, чаму да нас асабліва не едуць немцы ці тыя ж палякі. А італьянцы і туркі пераарыентаваліся на Расію і Украіну. Па-першае, шмат бар’ераў — тая ж віза. Па-другое, для турыстаў нічога не робяць — адрэстаўравалі толькі два замкі. У той жа час з Беларусі за мінулы год выехалі амаль 500 тысяч турыстаў. І можа быць болей, сцвярджае Лілія Кобзік.

Лілія Кобзік: “Гэты год на этапе ранняга браніравання паказвае, што плынь будзе яшчэ большая. Калі не будзе перашкод, праз пару гадоў ці нават сёлета дасягне адзнакі, якая была недзе 7-8 гадоў таму. Гэта 10% беларусаў, якія могуць дазволіць сабе выязджаць за мяжу. Гэта прыкладна 1 мільён — мы з гэтага пачыналі, але пасля колькасць зніжалася”.

Раней Еўрарадыё пісала, што за 2012 год Літву наведала каля 400 тысяч беларусаў. Беларусь жа за год наведала толькі каля 13 тысяч турыстаў з па-за краінаў СНД.

“Раней, пару гадоў таму, было значна больш людзей, беларускія санаторыі і вандроўкі ў Беларусь, Мінск, замкі, па шляху ВКЛ, там жа шмат у нас агульнай гісторыі, карысталіся вялікай папулярнасцю. Але апошнім часам цікавасць знізілася, напэўна, таму што вашы цэны ўжо даганяюць нашы цэны”, — распавядае Еўрарадыё Ліяна з віленскай турыстычнай кампаніі ABK Travel.

Паводле яе словаў, яшчэ пару гадоў таму ABK Travel стабільна адпраўляла лячыцца ў Беларусь каля 50 літоўцаў штомесяц. Цяпер не заўсёды набіраецца і 10: людзі лічаць, што прасцей і прыкладна столькі ж па коштах паехаць ва Украіну ці Чэхію, куды віза непатрэбна. Тое ж самае тычыцца і экскурсійных тураў: пры кошце візы ў 25 еўра паглядзець Мінск і беларускія замкі атрымоўваецца не так і выгадна.

Затое экскурсійныя туры ў Беларусь карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод расіянаў, якіх за мінулы год у Беларусі налічылі 94200 чалавек. Таксама ўвесь год цікавяцца санаторыямі і лячэннем у Беларусі, кажа супрацоўніца маскоўскага турыстычнага агенцтва “Созвездие путешествий” Алена і адзначае пераднавагодні бум.

Супрацоўніца маскоўскага турыстычнага агенцтва “Созвездие путешествий”: “Любяць школьнікам паказаць, асабліва калі яны праходзяць вайну, па ўсіх вашых помніках праехацца. І вельмі карыстаецца папулярнасцю Белавежская пушча. Яна ўнікальная, таму нават не абмяркоўваецца. Па лячэнні магу сказаць, што выбіраюць з-за прыгожай прыроды і з-за таго, што ўсё ўдвая танней, чым у нас”.

Варта дадаць, што паводле дадзеных Белстата, за 2012 год паслугамі беларускіх гасцініц скарысталіся 1 824,4 тысячы чалавек (амаль 1100 тысяч — беларусы) альбо на 5% больш, чым у 2011 годзе. А ў Літве, у якой жыве менш за 3 мільёны чалавек, за год спыніліся 2 мільёны турыстаў (1,1 мільёна — замежнікі). Прырост турыстаў за год склаў 12,4% — гэта другі паказчык у ЕС пасля Ісландыі (19,6%).

Фота: belfresh.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі