Эксперт: Беларусь будзе працаваць з "Уралкаліем", з "пуцінскімі кадрамі"
У аўторак Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт "калійнай вайны", якая, магчыма, набліжаецца да развязкі.
Ён заявіў, што разлічвае на аднаўленне статус-кво ў адносінах з расійскім бокам у калійнай сферы. Лукашэнка прызнаў, што з-за "непрыстойных дзеянняў" нейкіх "расійскіх нягоднікаў" у Беларусі "склаліся пэўныя праблемы з рэалізацыяй калійных угнаенняў".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускае кіраўніцтва "поўнае рашучасці нармалізаваць гэтую сітуацыю" [у калійным пытанні] і што расіяне "прымуць адпаведнае рашэнне".
Дык якое рашэнне мусяць прыняць у Маскве? Незалежны аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што чакаецца змена асноўнага акцыянера "Уралкалія" Сулеймана Керымава (менавіта яго беларускія праваахоўнікі абвесцілі ў вышук праз Інтэрпол).
Чалы: "Тым жа шляхам як Керымаў набыў гэты актыў ["Уралкалія"], тым жа шляхам у яго актыў хтосьці і набудзе. Ну і відавочна, што гэта будуць нейкія пуцінскія кадры... І ў гэтай сувязі можна разлічваць на тое, што такія адносіны, якіх чакае беларускі бок, яны сапраўды могуць аднавіцца. Калі б гэта было магчыма, такі варыянт стаў бы някепскім для ўсіх, не толькі для для "Уралкалія" і "Беларуськалія", але і для астатніх вытворцаў".
Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра тое, што беларускі бок "не супраць так працаваць, каб былі вялікія прыбыткі". Эксперт мяркуе, што кіраўнік дзяржавы падкрэслівае: сумесная праца беларускай і расійскай кампаній лепш, чым цэнавыя войны паміж сабой. Сяргей Чалы лічыць, што "развязка блізкая" і рынак ужо станоўча ацаніў "патэнцыйную магчымасць сыходу Керымава і продажу актываў таму, хто зможа хутчэй дамовіцца пра вырашэнне гэтага канфлікту".
Фота — sb.by