Эксперт: Чым лепш у Беларусі з заробкамі, тым горш з правамі чалавека
Пра гэта заявіў сацыёлаг Андрэй Вардамацкі на круглым стале Беларускай аналітычнай майстэрні, які прайшоў у межах варшаўскай канферэнцыі АБСЕ.
Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні прафесар Андрэй Вардамацкі заўважыў, што ў Беларусі пагаршэнне правоў чалавека традыцыйна суправаджаецца паляпшэннем фінансавага становішча грамадзян. Чаму так адбываецца, Андрэй Вардамацкі тлумачыць Еўрарадыё:
Вардамацкі: “Пік найлепшага індывідуальнага эканамічнага самаадчування прыпадае на перыяд вакол выбараў. Гэта праява паліттэхналогіі — не больш за тое. Але і ў гэты час адбываецца ўсплёск парушэнняў правоў чалавека — у Беларусі склалася такая ўнікальная заканамернасць”.
У дыскусіі “Як эканамічная сітуацыя ў Беларусі ўплывае на правы чалавека” прынялі ўдзел беларускія эксперты — сацыёлаг Андрэй Вардамацкі і эканаміст Леанід Злотнікаў, а таксама госці з Расіі — праваабаронцы Вольга Захарова і Юрый Джыбладзэ.
Расійскія праваабаронцы звярнулі ўвагу на складаныя цяперашнія адносіны Крамля з рэжымам Лукашэнкі. У такой сітуацыі важна, каб Еўрасаюз не рабіў незавершаных крокаў, як гэта сталася з санкцыямі супраць прадпрыемстваў алігарха Юрыя Чыжа: дзякуючы лобінгу з боку Латвіі ды Славеніі яго фірмы, звязаныя з растваральнікамі, не падпалі пад санкцыі.
На фота svaboda.org — Андрэй Вардамацкі