"€300 — і 200 дзяцей не будуць галадаць месяц": беларус дапамагае дзецям Афрыкі
Беларус Руслан Яроцкі шэсць гадоў дапамагае афрыканскім дзецям / фота Руслана Яроцкага
Каб дзвесце афрыканскіх дзяцей цэлы месяц маглі харчавацца тройчы на дзень, трэба ўсяго трыста еўра. Не вельмі вялікія грошы. Калі чуеш гэта, здаецца, што можна лёгка выратаваць ад голаду наогул усю Афрыку.
Беларус Руслан Яроцкі ездзіць з місіянерскімі паездкамі ў гэты рэгіён ужо каля шасці гадоў. Першы раз ён прыкладна так і падумаў: можна ўсіх выратаваць.
— Спачатку глядзіш на ўсё даволі рамантычным поглядам. Бачыш дзяцей, якія кладуцца спаць галоднымі, і здаецца, што ўсё гэта можна лёгка змяніць. А з часам разумееш, што тут назапасілася такая вялікая колькасць неразвязаных пытанняў — сацыяльных, палітычных, эканамічных, — што Афрыка пачынае здавацца чымсьці бяздонным. Беднасці вакол так шмат, што кропкавай дапамогай яе не вырашыш.
Тыдзень таму беларус Руслан вярнуўся з чарговай місіянерскай паездкі. Мы распыталі яго пра тое, што такое крайняя беднасць і чаму ахоўная маска — найлепшы падарунак.
"Тут дзеці не бываюць сытымі"
Праз пандэмію сітуацыя ў Афрыцы стала яшчэ горшай: прадукты падаражэлі, не ўсе сем'і здольныя накарміць сваіх дзяцей. Тут бацькі часам аддаюць дзяцей у школы не дзеля адукацыі, а хоць бы для таго, каб дзіця там накармілі.
Але праз тую самую пандэмію ўвагу на Афрыку звярнулі турысты. І Руслан Яроцкі вырашыў расказваць тым падарожнікам, якія, прыехаўшы ў Афрыку, загарэліся ідэяй дапамагчы мясцовым жыхарам, як зрабіць гэта правільна.
— Глядзелі "Арол і рэшку"? Людзі, наведваючы Афрыку, любяць пабываць у тых самых трушчобах у Найробі, купіць цукеркі і аловачкі, раздаць іх дзецям. Цукеркі — цукеркамі, але лепш выдаткаваць па нашых мерках зусім не велізарныя грошы і закупіць прадукты на аптовай базе. Дзякуючы гэтаму адна школа зможа харчавацца некалькі тыдняў. І калі зрабіць усё правільна, гэта не будзе дорага.
Некаторыя такія турысты ўжо ператварыліся ў пастаянных валанцёраў: рэгулярна дапамагаюць школам і прытулкам. Руслан і яго сябры-валанцёры таксама дапамагаюць менавіта школам. Гэтым разам у чамаданах прывезлі ў асноўным ахоўныя маскі.
— Здаецца — дробязь, але прывезці ў Афрыку шматразовую маску — вялікая рэч. Прадукты мы закупляем ужо на месцы, на іх і трацім усе нашы сціплыя рэсурсы.
Мы нават не можам уявіць сабе той узровень галечы, які існуе ў некаторых рэгіёнах Афрыкі. Я ведаю нямногіх беларусаў, якія кладуцца спаць галоднымі. А для многіх дзяцей у Афрыцы гэта норма жыцця, яны не бываюць сытымі. Іх могуць пакарміць у школе, і ўсё ж гэта заўсёды галодныя дзеці. Адчування "я паеў і цяпер магу пайсці спаць" — у іх не бывае.
У большасці дзяцей, пра якіх расказвае Руслан, ужо няма бацькоў. Хтосьці памёр ад СНІДу, ад іншай хваробы, кагосьці забілі — тут наогул ранняя смяротнасць. Таму велізарная колькасць святароў практычна ўсынаўляюць дзяцей. У аднаго святара на апецы можа быць 200 і нават 300 дзяцей. Ён клапоціцца пра іх, дае ім ежу, адукацыю — хоць і сам жыве бедна.
Некаторыя з гэтых дзяцей потым і самі становяцца святарамі — і дапамагаюць ужо іншым пакаленням малых. Так было з айцом Мяфодзіем, з якім Руслан пазнаёміўся ў час сваёй першай паездкі ў Афрыку.
— Айцец Мяфодзій вырас у вельмі беднай шматдзетнай сям'і, у найцяжэйшых умовах. І аднойчы ён пазнаёміўся са святаром. Той паразмаўляў з ім, накарміў, даў адукацыю. І пасля айцец Мяфодзій сам арганізаваў школу.
Калі Руслан сустрэў яго першы раз, святар арандаваў баракі, у якіх размясціліся памяшканні школы. Гэтыя баракі і аднаразовае харчаванне — усё, на што ставала грошай, якія збіраў прыход. А цяпер для школы пабудавалі трохпавярховы мураваны будынак з мінімальнымі выгодамі, ужо высаджваюць сад.
Ці трэба ехаць у Афрыку, каб ёй дапамагчы?
На самай справе не. За тыя грошы, якія пойдуць у вас на пералёт, візу, прышчэпкі, цэлы прытулак можна забяспечыць трохразовым харчаваннем на некалькі месяцаў наперад. Адзін толькі пералёт і віза абыдуцца прыкладна ў тысячу еўра. Плюс, хоць краіны і бедныя, там усё вельмі дорага. Гатэлі, харчаванне — усё дорага!
У афрыканскіх крамах можна купіць прадукты. Праблема толькі ў тым, што толькі 30-40% насельніцтва можа сабе гэта дазволіць.
Руслан і іншыя валанцёры прыязджаюць у Афрыку толькі раз на год — каб пераканацца, што грошы трапляюць у школы, а не губляюцца на паўдарозе.
— Гэта нашы ўласныя грошы, грошы нашых сяброў і сваякоў. Нам важна бачыць, што гэтыя грошыкі даходзяць да школ, таму мы і кантралюем гэты працэс.
Сёлета давялося рыхтавацца да паездкі, знаходзячыся ў Літве, а не ў Беларусі. Але і ў Літве вернікі адгукнуліся, дапамаглі місіянерам.
— Наша задача звярнуць увагу вернікаў на тое, што вялікая колькасць хрысціян у Афрыцы жывуць у страшэннай беднасці. Мы стараемся ўсімі магчымымі для нас спосабамі трансляваць інфармацыю пра тое, што адбываецца на гэтым кантыненце, якія ёсць патрэбы ў прытулкаў і школ, якім мы дапамагаем.
Руслан імкнецца арганізаваць дапамогу так, каб людзі аказвалі падтрымку наўпрост прытулку ці школе, без пасярэднікаў. Хтосьці дапамагае святару пабудаваць на тэрыторыі свайго прыходу школу. Хтосьці перасылае грошы на харчаванне.
— Самі мы — "вольныя стральцы": працуем, адкладаем грошы, на якія потым закупляем медыцынскія прылады або прадукты харчавання.
З аднаго боку, я разумею, што мае магчымасці як валанцёра вельмі малыя, а беднасць, у якой жывуць людзі, — вельмі вялікая. Але кожны павінен рабіць тое, што можа. Калі ты не можаш пабудаваць прытулак, але можаш накарміць дзіця — накармі дзіця.
Дырэктары школ, з якімі працуе Руслан, кажуць: лепш два долары на пастаяннай аснове, чым буйное разавае ахвяраванне. Калі дапамога паступае пастаянна, людзі могуць будаваць планы і на нешта разлічваць.
Але калі вы проста хочаце з'ездзіць у Афрыку як турыст — а па дарозе адзін раз зрабіць добрую справу і ахвяраванне, гэта таксама добра! Можна закупіць і прывезці цэлы чамадан алоўкаў і асадак, якіх у школах вельмі не хапае. А можна вылучыць 300-400 еўра і ведаць, што дзякуючы гэтым грашам 200 дзяцей атрымаюць запас ежы на цэлы месяц.
А вы праўда дапамагаеце дзецям?
Праекты, якім патрэбна дапамога, лепш шукаць праз людзей, якія даўно займаюцца арганізацыяй гэтай дапамогі. Самы просты спосаб — напісаць Руслану Яроцкаму ў сацсетках, і ён раскажа, якім школам і прытулкам асабліва патрэбна падтрымка.
Калі спрабаваць дапамагаць самастойна, можна сутыкнуцца з махлярамі.
— Нам пашанцавала: мы сустрэлі выдатных святароў, якія шмат робяць для дзяцей. Але ў Афрыцы ёсць і людзі, якія выкарыстоўваюць гэтую галечу. Дзеці ім часам патрэбныя толькі для таго, каб пад іх прыкрыццём уладкаваць сваё жыццё.
Ёсць вялікая колькасць фэйкавых суполак, якія нібыта клапоцяцца пра дзяцей. Яны дадаюць у сябры валанцёраў, якія працуюць у гэтым рэгіёне, пачынаюць расказваць пра сваю працу — а потым, вядома, прасіць грошай. Часам за гэтымі праектамі стаяць тыя, хто і сам жыве ў беднасці, часам — проста цынічныя людзі.
— Сваё прызначэнне мы якраз і бачым у тым, каб дапамагчы людзям, якія хочуць падтрымаць у Афрыцы прытулак або школу. Каб яны адправілі грошы туды, адкуль яны на самай справе трапяць да дзяцей, а не да шарлатанаў.
Чаму падраснік лепш за джынсы
Працаваць праз прафесіяналаў добра яшчэ і таму, што паездка ў Афрыку можа стацца проста небяспечнай.
— Ёсць мясціны, у якія мы па адным не ходзім. Працуем са святаром, айцом Рафаілам. Ён дапамагае сем'ям, якія жывуць на вуліцах. Гэта значыць, людзі нараджаюцца на вуліцах, жэняцца на вуліцах, дзяцей нараджаюць таксама на вуліцах. Днём яны хаваюцца, каб не ганяла паліцыя, а ўвечары выходзяць у горад. Цэнтр тады ператвараецца ў мурашнік: беламу чалавеку там бываць небяспечна.
Калі Руслан прыйшоў з айцом Рафаілам на першую акцыю раздачы ежы, ён надзеў футболку, джынсы, узяў фотаапарат.
— Больш я так не рабіў. Цяпер кожны раз, як мы туды едзем, у той раён, я апранаю спецыяльную вопратку — падраснік. Да святароў тут нават у тых, хто жыве ў такіх жахлівых умовах, ёсць пэўны піетэт, павага. Ён і дазваляе праводзіць такія акцыі.
Чаму Афрыка?
Так, мы не маглі не спытаць: а хіба ў Беларусі мала тых, хто жыве ў нястачы, каму патрэбна дапамога? Дык чаму адразу Афрыка?
— Я ніколі не бачыў, каб у Беларусі дзеці галадалі. Усе кажуць, што мы жывём дрэнна, але варта разабрацца з паняццямі: што такое дрэнна.
Увогуле, я не думаю, што ў Беларусі людзі жывуць дрэнна. Так, ёсць нястача, ёсць нейкія цяжкасці. Але так, каб стаяла пытанне жыцця і смерці, адсутнасці пітной вады — я пра такое не чуў.
Беларусы дзякуючы сваёй працавітасці ніколі не жылі так бедна, як у Афрыцы. Нават атрымліваючы маленькі заробак, калі не п'еш, не маеш звычак, якія занявольваюць цябе, ты можаш харчавацца. У Афрыцы такі ўзровень дастатку — нешта недасяжнае.
І ўсё ж Афрыка цудоўная, рэзюмуе Руслан. Калі ён трапіў туды першы раз, вырашыў, што па добрай волі не вернецца. Але не можа не вяртацца. Вярнуўшыся тыдзень таму, ужо чакае наступнай паездкі.
— Нас ужо звязваюць цёплыя адносіны з многімі людзьмі. Яны бедныя, але і высакароднасці тут досыць. Афрыка — гэта прыклад пастаяннай самаахвярнасці.
З'явілася патрэба вяртацца туды зноў і зноў. Я чакаю гэтай паездкі, на працягу года рыхтуюся да яе. Вось і цяпер мы вярнуліся, апрытомнелі — і паволі пачынаем рыхтавацца да наступнай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.