Еўрасаюз заклапочаны тым, што выведка ЗША сачыла за еўрапейцамі
З заявай выступіла еўракамісар па ўнутраных справах Сесілія Малстрэм.
Паводле яе словаў, "яшчэ рана рабіць высновы", але тая інфармацыя, якая патрапіла ў СМІ, занепакоіла кіраўніцтва ЕС. "Нам неабходна больш звестак, і мы скантактуемся з нашымі амерыканскімі калегамі, каб атрымаць больш інфармацыі", — цытуе словы Сесіліі Малстрэм агенцтва France-Presse.
Нагадаем, кіраўнік нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпер прызнаў, што ўлады краіны атрымліваюць звесткі пра карыстальнікаў інтэрнэт-кампаній па ўсім свеце. Аднак, па словах Клэпера, гэта датычыць толькі карыстальнікаў, якія не з'яўляюцца амерыканцамі.
Газета Washington Post сцвярджае, што амерыканскія спецслужбы маюць наўпроставы доступ да цэнтральным сервераў вядучых інтэрнэт-кампаній — Microsoft, Yahoo, Google, Facebook, PalTalk, AOL, Skype, YouTube, Apple. Інтэрнэт-гіганты паспяшаліся адхрысціцца ад абвінавачванняў прэсы.
Фота — ria.ru