Euro'2016: расклад матчаў футбольнай зборнай Беларусі
Іспанцы прыедуць у Мінск згуляць са зборнай Кандрацьева ў чэрвені 2015-га.
23 лютага ў французскай Ніцы прайшло лёсаванне адборачнага турніру футбольнага чэмпіянату Еўропы 2016 года. У адной групе са зборнай Беларусі (у групе С) згуляюць каманды Іспаніі, Украіны, Славакіі, Македоніі і Люксембурга.
Як вядома, іспанцы — найлепшыя ў свеце, і ўжо цяпер ім аддаюць першае месца па выніках турніра ў групе. А вось за другое месца, якое дае права згуляць на Euro'2016 у Францыі, беларусы могуць і павінны змагацца, асноўныя сапернікі — ўкраінцы і македонцы. Шанец згуляць на кантынентальным турніры мае і найлепшая каманда з ліку тых, што зоймуць трэція месцы. Астатнія зборныя, якія фінішуюць трэцімі, згуляюць у спарынгавых матчах.
Расклад матчаў беларускай зборнай выглядае наступным чынам:
2014 год
8 верасня. Люксембург — Беларусь
9 кастрычніка. Беларусь — Украіна
12 кастрычніка. Беларусь — Славакія
15 лістапада. Іспанія — Беларусь
2015 год
27 сакавіка. Македонія — Беларусь
14 чэрвеня. Беларусь — Іспанія
5 верасня. Украіна — Беларусь
8 верасня. Беларусь — Люксембург
9 кастрычніка. Славакія — Беларусь
12 кастрычніка. Беларусь — Македонія
"Магло быць лепш, магло — горш, — цытуе словы галоўнага трэнера беларускай зборнай Георгія Кандрацьева сайт bff.by. — Як ёсць, так ёсць. Нічога не застаецца, як змагацца ў кожным матчы. Тады ўсё будзе нармальна. Нельга сказаць, што нам пашанцавала ці, наадварот, не пашанцавала. Іспанія — відавочны фаварыт. Наогул я не хацеў сустрэчы з тымі ж камандамі, што ў мінулым адборачным цыкле. Але ніколькі не засмучаны тым, што зноў выпала Іспанія.
Украіна — вельмі моцная, добрая каманда. Славакію і Македонію не магу назваць "темными лошадками". А Люксембург... Так, раней мы няўдала гулялі з ім. Але не магу сказаць, што гэта насцярожвае. Трэба з павагай ставіцца да ўсіх сапернікаў, выходзіць на кожны матч, як на апошні бой. Тады не будзе такіх асечак, якія здараліся ў мінулым. У кожнай гульні трэба выкладвацца на сто адсоткаў. Я веру ў поспех — галоўнае, каб і гульцы паверылі. Тады ўсё атрымаецца".
Склад удзельнікаў ўсіх адборачных груп:
А — Нідэрланды, Казахстан, Ісландыя, Латвія, Турцыя, Чэхія;
В — Боснія і Герцагавіна, Андора, Кіпр, Уэльс, Ізраіль, Бельгія;
С — Іспанія, Люксембург, Македонія, Беларусь, Славакія, Украіна;
D — Нямеччына, Гібралтар, Грузія, Шатландыя, Польшча, Ірландыя;
E — Англія, Сан-Марына, Літва, Эстонія, Славенія, Швейцарыя;
F — Грэцыя, Фарэрскія выспы, Паўночная Ірландыя, Фінляндыя, Румынія, Венгрыя;
G — Расія, Ліхтэнштэйн, Малдова, Чарнагорыя, Аўстрыя, Швецыя;
Н — Італія, Мальта, Азербайджан, Балгарыя, Нарвегія, Харватыя;
I — Партугалія, Албанія, Арменія, Сербія, Данія.
Фота — AFP