Еўропа стала эпіцэнтрам пандэміі каранавіруса на планеце
Еўропа стала эпіцэнтрам пандэміі каранавіруса COVID-19 на планеце. Такую заяву зрабіў у Жэневе гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Адханом Гебрэесус. Паводле яго слоў, сітуацыя такая, што на еўрапейскія краіны прыпадае больш выпадкаў заражэння і смерцяў, чым ва ўсіх іншых краінах разам узятых (калі не лічыць КНР).
У свеце ўжо налічваецца больш за 137 тысяч выпадкаў заражэння каранавірусам у 132 краінах свету. У Беларусі заразіліся 27 чалавек. У суседніх Польшчы і Украіне ўжо памерлі людзі. У свеце колькасць ахвяр перавысіла 5 тысяч. Больш за тысячу з іх прыпадае на Італію.
Гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя заклікаў да актывізацыі захадаў па стрымліванні распаўсюду COVID-19.
"Не толькі асобна медправерка, не толькі асобна адсочванне кантактаў [заражаных], не толькі асобна каранцін і не толькі ўвядзенне мер па стрымліванні кантактаў. А ўсе гэтыя меры разам", — заявіў Тэдрас Адханом Гебрэесус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.