Фактчэк: Як "БесогонTV" Міхалкова скарміў гледачам фэйк пра беларускія пратэсты

Фактчэк: Як "БесогонTV" Міхалкова скарміў гледачам фэйк пра беларускія пратэсты

12 верасня на папулярным расійскім Youtube-канале "БесогонTV" (788 тысяч падпісчыкаў) выйшла праграма "Антология фальши", часткова прысвечаная беларуским пратэстам. Вядоўца праграмы, кінарэжысёр Мікіта Міхалкоў, сцвярджае, што колькасць пратэстоўцаў у Беларусі завышаецца з дапамогай кампутарнай графікі.

У якасці доказа на экране (хранаметраж 22:58) паказваюць выяву з лагатыпам тг-канала. Маўляў, вось так вас, шаноўная аўдыторыя тэлеграма, водзяць за нос — насамрэч пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасці нашмат менш.

Гэтае фота відавочна атфоташопленае. Паглядзіце, напрыклад, на фрагменты, якія паўтараюцца ў верхняй вобласці, абведзенай чырвоным:

Фактчэк: Як "БесогонTV" Міхалкова скарміў гледачам фэйк пра беларускія пратэсты
Скрыншот з праграмы "Антология фальши"

Але справа ў тым, што тэлеграм-канал Сцяпана Пуцілы ніколі не публікаваў фота, якое паказвае "БесогонTV". Вось як выглядае арыгінальны здымак, зроблены на плошчы Незалежнасці 16 жніўня і апублікаваны ў той жа дзень:

Фактчэк: Як "БесогонTV" Міхалкова скарміў гледачам фэйк пра беларускія пратэсты
Арыгінальны здымак

Свет постпраўды — ён такі. "БесогонTV", спрабуючы даказаць, што інфармацыі ў тг-каналах нельга давяраць, скармлівае сваім гледачам фэйкавае фота, нібыта ў гэтых самых тг-каналах апублікаванае. Еўрарадыё не выключае, што выява з непрыхаванымі прыкметамі фоташопу зробеная адмыслова для праграмы. Даверлівы глядач не будзе нічога правяраць — і застанецца ўражаны тым, як бессаромна маніпулююць удзельнікамі беларускіх пратэстаў. А маніпулююць, насамрэч, ім самім — гледачом "БесогонTV".

"Гэта фальш фальшы, — завяршае гэтую частку праграмы Міхалкоў. — Выдатна пайшло-паехала! Наперад, наперад! Скушае, схавае піпл!"

Складана не пагадзіцца з мэтрам. На дадзены момант праграма "Антология фальши" набрала амаль 1 млн праглядаў. А кавалкі, прысвечаныя беларускім пратэстам, шырока разыйшліся па пракрамлёўскіх тг-каналах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі