Фальшывыя палякі прадаюць мінчанам несапраўдны посуд

Толькі за апошні тыдзень ахвярамі махляроў сталі каля 20 чалавек. Кожны з іх набыў посуд за 500 еўра, які ў Польшчы каштуе ўсяго 50. А міліцыя крымінала тут не бачыць. Літаральна тыдзень таму на forum.onliner.by з’явілася наступная інфармацыя: “Людзі, будзьце пільныя! У Мінску каля буйных супермаркетаў ды папросту ў месцах збірання людзей махляры, якія прадстаўляюцца палякамі ды ездзяць на дарагіх машынах з польскімі нумарамі, падманваюць людзей!”. Гаворка насамрэч ідзе пра нейкі нямецкі посуд, які псеўдапалякі, нібыта, пасля прэзентацыі ў адным са сталічных гатэляў прапануюць мінчанам набыць за неверагодна маленькія грошы.

Як расказаў Еўрарадыё адзін з ахвяраў такога гандлю Віктар, палякамі махляры, напэўна, толькі прадстаўляюцца, аднак потым пачынаюць размаўляць на добрай рускай мове, змяняючы толькі канчаткі:
 
Віктар: “Яны ездзяць на вельмі крутых і дарагіх машынах з польскімі нумарамі. Пад’язджаюць, гавораць, што яны толькі што з прэзентацыі посуду ў гасцініцы “Мінск” ці “Беларусь”. Прадстаўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі кампаніі “Zepter”. Нават візітоўкі паказваюць, на якіх, дарэчы, толькі фотаздымак ды назва кампаніі — і больш нічога: ані электроннага адрасу, ані тэлефону, ані сайта. Такім чынам яны ачмураюць людзей. Дастаюць потым кейс з нейкім флаерам, на якім напісана, што каштуе набор посуду каля 1500 еўра. А людзям прапаноўваюць набыць за меншыя грошы: ад 300 да 500 еўра”.
 
Гісторыя з Віктарам адбылася каля сталічнага супермаркета “Карона”, адразу ж на аўтастаянцы. Прычым махляры выглядалі досыць прэзентабельна, бо прыехалі на Mercedes CLK са шкляным дахам (машына каштуе каля 60 тысяч долараў. — Еўрарадыё). Калі грошы былі заплачаныя, Віктар з сябрам адразу ж паехаў у дзяжурную частку міліцыі. Пасля таго, як яны напісалі заяву, ім сказалі звяртацца праз некаторы час у аддзел міліцыі па месцы жыхарства. Аднак мінуў тыдзень, з міліцыі няма ніякіх звестак, таму Віктар вырашыў сам зрабіць нешта, каб пакараць “несумленных гандляроў”:
 
Віктар: “З міліцыі ніводнага разу ні з кім не звязваліся. Таму мы ў свой час вырашылі размяшчаць у інтэрнэце на форумах абвесткі, каб знайсці гэтых людзей. Робім мы гэта дзеля таго, каб потым знайсці іх і зняць на відэа момант, калі яны “гандлююць”. Тады ў нас будуць нейкія доказы для суда. Рэч у тым, што мы ўжо знайшлі каля 20 ахвяраў гэтых “гандляроў”. І ва ўсіх выпадках фігуруюць адны і тыя ж машыны, адзін і той жа посуд, адны і тыя ж твары”.
 
Каб даведацца, чаму ніякіх зрухаў няма з боку міліцыі, Еўрарадыё звярнулася па каментар у аддзел інфармацыі РУУС Мінгарвыканкама. Спадарыня Мурылёва патлумачыла, што ў зводках за апошні тыдзень ніякай падобнай інфармацыі не праходзіла. Дый наогул, да гэтай справы міліцыя фактычна не мае аніякага дачынення, бо махлярства, згодна з Крымінальным кодэксам, у дадзеным выпадку няма.
 
Мурылёва: “Тут няма аніякага крымінальнага дзеяння. Гэта сфера грамадзянска-прававых стасункаў, то бок, людзі павінныя звяртацца ў суд. А першым крокам тут мусіць быць зварот у Таварыства па абароне правоў спажыўцоў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі