Фанаты мінскага "Дынама" спынілі аўтобус каманды
Здарэнне адбылося ў нядзелю, 26 траўня, пасля футбольнага матча за Кубак Беларусі.
Нагадаем, дынамаўцы саступілі "Мінску" ў серыі пасляматчавых пенальці з лікам 1:4.
Паведамляецца, што па дарозе з Жодзіна футбольныя аматары спынілі спынілі аўтобус "Дынама". Некаторыя з фанатаў спрабавалі на павышаных тонах пагаварыць з футбалістамі. Адной з галоўных прэтэнзій стала тое, што каманда не ў поўным складзе падышла да фанацкага сектара.
Прэс-сакратар клуба Алег Сабалеўскі ў каментары Еўрарадыё пацвердзіў факт разовы. Аднак, кажа ён, усё абышлося даволі мірна.
Сабалеўскі: "Не, яны не спрабавалі высветліць адносіны. Яны спынілі аўтобус каманды і проста пагаварылі з трэнерамі і футбалістамі. Там проста была размова. Мне падаецца, што нават калі на павышаных танах, то інцыдэнту ніякага не было. Зразумела, што ўсе — і футбалісты, і фанаты — разлічвалі на іншы вынік, таму былі незадаволеныя. Пагаварылі з трэнерамі, футбалістамі, выказалі, што ў іх было на душы".
Фота — dinamo-minsk.by