Фанаты сабралі грошы для аплаты штрафаў затрыманым на матчы Беларусь — Македонія

Фанаты сабралі грошы для аплаты штрафаў затрыманым на матчы Беларусь — Македонія

Футбольныя заўзятары сабралі грошы, каб аплаціць штрафы сваім калегам,  затрыманым 12 кастрычніка на "Барысаў-Арэне" падчас адборачнага матча чэмпіянату Еўропы Беларусь — Македонія.

Як паведамляе фанацкі сайт belultras.by, неабходная сума была сабраная ўжо 15 кастрычніка — на наступны дзень пасля судовых рашэнняў. На аплату штрафаў для асуджаных фанатаў прыйшло больш за 200 грашовых пераводаў.

Нагадаем, 13 кастрычніка міліцыянты затрымалі падчас матча трох фанатаў, якія мелі на сабе шалікі з "Пагоняй". Прадстаўнікі міліцыі заявілі, што заўзятары лаяліся матам і не падпарадкоўваліся патрабаванням міліцыі. Ноч затрыманыя правялі ў камеры Барысаўскага РАУС, а 14 кастрычніка былі аштрафаваныя мясцовым судом. Кожнаму прысудзілі па 1,8 млн рублёў штрафу.

Сярод затрыманых — заўзятар з Гродна з 30-гадовым стажам Віталь Будзько і актывіст апазіцыі Зміцер Хведарук. Дарэчы, гродзенскі футбольны клуб "Нёман" у афіцыйнай заяве на сваім сайце выказаў недавер да заяваў міліцыі наконт свайго фаната.

Фота: belultras.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі