Феерверк — у людзей, чалавека — у ваду. Што рабілася на гулянцы студэнтаў БДЭУ
З акаўнта ў "Інстаграме" адной са студэнтак БДЭУ / скрыншот Еўрарадыё
Еўрарадыё даведалася падрабязнасці вечарынкі студэнтаў ля вадаёма каля інтэрнатаў БДЭУ ў Мінску, пасля якой увесь сквер аказаўся завалены смеццем. Высветлілася, што падчас гулянкі аднаго студэнта скінулі ў ваду, а адзін з феерверкаў запусцілі ў натоўпе. Ва ўніверсітэце адмаўляюць, што вечарыну зладзілі студэнты менавіта БДЭУ, аднак абяцаюць не дапускаць падобных святкаванняў пачатку навучальнага года ў будучыні.
У суполцы "Подслушано БГЭУ" ёсць некалькі пастоў пра "святкаванні". Напрыклад, такога зместу (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя):
“То животное, что решило кинуть моего братана в канал ответь. В любом случае знай, ты сыкливое чмо, которое ничего не может , кроме как закрысить и убежать”.
З каментарыяў становіцца зразумела, што апісаныя дзеянні адбываліся якраз увечары ў суботу 31 жніўня. Хлопец, падпісаны Максімус Пляц, абвінавачвае іншага, Ілью Кавалёнка, у тым, што той скінуў у вадаём яго таварыша. Як відаць, у вадзе патануў айфон, таму Пляц патрабуе ад Кавалёнка 200 рублёў за тэлефон.
У адным з каментарыяў карыстальнік Андрэй Чаркасаў піша, што ў той вечар у скверы было 600 чалавек. Далей Воля Юшкевіч пацікавілася, хто запусціў у натоўпе феерверк. На пярэчанне, што гэта было выдатна, дзяўчына адказала: "Не тады, калі гэта ляціць у цябе".
У "Інстаграме" мы таксама знайшлі фатаграфіі са студэнцкай гулянкі. Адна з іх падпісана так: "Божа, ноч з 31-га на 1-е была самым лепшым. БДЭУ, я цябе люблю. Коцікі, вы самыя лепшыя".
Прарэктар па выхаваўчай рабоце БДЭУ Сяргей Скрыба ў размове з Еўрарадыё сказаў, што гармідар у скверы каля аўтавакзала "Усходні" пакінулі не студэнты эканамічнага ўніверсітэта. Паводле яго слоў, там сабраліся студэнты розных ВНУ. "Гэта не штогод. Няма ў нас такога ўжо даўно", — сказаў Скрыба.
Сяргей Скрыба запэўнівае: універсітэт разбіраецца з тым, што зладзілі студэнты, "для недапушчэння такіх сітуацый". Адказаць, хто прыбраў тэрыторыю, Сяргею Скрыбу цяжка:
— Ну, хто прыбіраў?.. Мы сёння і сваіх студэнтаў [прыцягнулі], таму што тэрыторыя замацаваная за намі. Мы прыбіраем, калі ўбачылі смецце на замацаванай за намі тэрыторыі.
Еўрарадыё: Значыць, пасля лінейкі яны прыбіралі?
Скрыба: Я не магу сказаць, калі гэта было... да лінейкі або пасля, або ўчора.
Еўрарадыё: Дык якія гэта былі студэнты?
Скрыба: Напэўна, тыя, якім стала сорамна, таму яны прыйшлі прыбіраць.
Еўрарадыё: Але ж вы сказалі, што сёння папрасілі прыбраць.
Скрыба: Сёння я сказаў, што калі засталося нейкае смецце, то яго трэба прыбраць.
Як паведамляла Еўрарадыё, познім вечарам 31 жніўня ў мінскім скверы каля вадаёма паміж аўтавакзалам "Усходні" і спарткомплексам БДЭУ студэнты эканамічнага ўніверсітэта бурна адсвяткавалі пачатак навучальнага года. Маладыя людзі пакінулі пасля сябе горы смецця і сотні бутэлек па ўсім скверы і ў вадаёме. Пры гэтым дзве вялікія сметніцы на тэрыторыі сквера былі практычна пустыя. Па словах саміх студэнтаў БДЭУ, такі "сход" называецца "Канал" і праходзіць кожны год.