Фельчар дамаглася пакарання для хулігана, які яе ўдарыў

"Я працую на хуткай дапамозе 30 гадоў. Такога ніколі не было. Калі я пацягнулася за торбай, ён мяне ўдарыў", — распавядае гераіня праграмы "Галоўны эфір", фельчар Віцебскай станцыі хуткай дапамогі. У складзе брыгады дактароў яна адправілася на начны выклік у вёску Вароны пад Віцебскам. На месцы яны знайшлі п'яную кампанію і імянінніка з пабітым ілбом.

"Выклік паступіў недзе ў 01:40 ночы, мы адразу выехалі, брыгада прыехала ў 01:55, — працягвае фельчар. — Кампанія там была п'яная. Яны былі абураныя, крычалі на нас, што мы ехалі дзве гадзіны, хаця мы ехалі ўсяго 15 хвілін".

Адзін з мужчын вырашыў, што яму трэба трапіць у машыну хуткай дапамогі.

"Уварваўся ў нашу машыну, пачаў лаяцца, абражаць нас. Атрымалася так, што наша сумка засталася за ім. Я папрасіла ці выйсці, ці падаць сумку", — распавядае фельчар.

У адказ мужчына ўдарыў яе. Жанчына ўпала і разбіла галаву. Пазней у яе дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму.

Юрыст Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аліна Каралёва па просьбе фельчара падрыхтавала заяву аб спагнанні маральнай шкоды. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па артыкуле "Хуліганства". У выніку дэбашыр атрымаў год папраўчых работ з адтэрміноўкай прысуду. Таксама суд абавязаў яго выплаціць фельчару кампенсацыю за маральную шкоду.

Аўтары сюжэту адзначаюць, што ў Беларусі няма медыцынскага правы як асобнай галіны, якая б рэгулявала адносіны паміж медычнымі працаўнікамі і пацыентамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі