Фестываль "Даём рады" едзе ў Віцебск!
Еўрарадыё і культурная прастора VITEBSK4.ME адкрываюць альтэрнатыўны музычны сезон у Віцебску.
Лепшыя гурты штогадовай музычнай прэміі Еўрарадыё "Даём рады" запаляць у самым культурным горадзе Беларусі.
У наступным годзе незалежная музычная прэмія "Даём рады" будзе ўручацца ў трэці раз. І, як і было абяцана, перад падвядзеннем чарговых вынікаў, фестываль едзе ў вандроўку па Беларусі. Першы прыпынак — Віцебск.
"Калі мы былі на фэсце "Даём рады" у лютым у Мінску, то зразумелі, што гэта цудоўны варыянт музычнага яднання беларускіх гуртоў, якія можна выдатна пракаціць па краіне і паказаць, што беларуская музыка не толькі цікавая, актуальная і разнапланавая, але яна яшчэ і збірае шмат людзей і дае шмат інфармацыйных нагодаў, — кажа каардынатар прасторы VITEBSK4.ME Уладзімір Булаўскі. — Я тады прапанаваў арганізатарам зрабіць такі "экспартны" варыянт, і плюс у кожным рэгіёне дадаваць нейкіх лакальных герояў і маладыя гурты, якія змогуць і стрэліць на фэсце і арганічна ўпісацца ў існуючы лайн-ап".
У лайн-апе віцебскага фэсту "Даём рады" — каманды з розных куткоў Беларусі: магілёўцы Akute, бярозаўцы :B:N:, брэстаўчане Sciana і легендарныя мінчане "Крама". Кампанію рэзідэнтам фэстаў Еўрарадыё складзе віцебскі гурт The Bright Insight, які створаны адносна нядаўна, але яго лідар Мікіта Гушчанка ўжо заслужыў званне славутасці віцебскай андэграўнднай сцэны:
"Напрыканцы 90-х — пачатку 2000-х быў у Віцебску неверагодна папулярны панк-гурт "Уже". Потым хлопцы выраслі, і кожны заняўся сваёй справай. А саліст гурта стварыў новы англамоўны праект, які грае гранж у лепшых яго традыцыях. Адмыслова для фэсту ў Віцебску музыкі рыхтуюць беларускамоўны трэк — кавер на песню "Троіцы"", — распавядае Уладзімір Булаўскі.
Фестываль "Даём рады" пройдзе 4 кастрычніка ў круглай зале КЗ "Віцебск". Пачатак у 18.00. Кошт квіткоў — 100-150 тысяч рублёў. Іх ужо можна набыць у касах канцэртнай залы.
Інфармацыя: euroradio.fm, vitebsk4.me.
Даведкі: +375 29 894 05 17
Акрэдытацыя: [email protected]
****************************************************
Фестываль "Даём рады" у Віцебску.
4 кастрычніка, КЗ Віцебск, круглая зала, 18:00
Удзельнікі:
КРАМА (Мінск) — vk.com/kramaband
AKUTE (Магілёў) — vk.com/akutemusic
SCIANA (Брэст) — vk.com/sciana
:B:N: (Бяроза) — vk.com/club2589532
The Bright Insight (Віцебск) — vk.com/t_b_i
Даведкі: +375 29 894 05 17