Фільм Таранціна "Аднойчы ў Галівудзе" атрымаў тры "Залатыя глобусы"
77-я цырымонія ўручэння кінаўзнагародаў "Залаты глобус" адбылася ў Каліфорніі. Гэтую прэмію прысуджаюць замежныя журналісты, акрэдытаваныя пры Галівудзе.
Найбольшая колькасць узнагародаў сёлета выпала на долю фільма Квенціна Таранціна "Аднойчы ў Галівудзе" — ажно тры "Залатыя глобусы". Стужка была прызнаная найлепшай у намінацыі "Камедыя / мюзікл". Сам Таранціна быў узнагароджаны за найлепшы сцэнар, а Брэд Піт быў адзначаны за найлепшую мужчынскую ролю другога плана.
"Залаты глобус" як найлепшая драма атрымаў фільм брытанскага рэжысёра Сэма Мендэса "1917", прысвечаны падзеям Першай Сусветнай вайны. Дарэчы, сам Мэндэс быў уганараваны прызам за найлепшую рэжысуру.
Хаакіна Фенікса назвалі найлепшым драматычным акцёрам за галоўную ролю ў фільме "Джокер". У намінацыі "Мюзікл / камедыя" найлепшым акцёрам прызнаны Тэйран Эгертан, які сыграў Элтана Джона ў фільме "Рокетмэн".
Прыз за найлепшую жаночую ролю ў драматычным фільме атрымала Рэнэ Зельвегер (стужка "Джудзі"). Найлепшай актрысай ў камедыі / мюзікле стала Білі Вонг ("Развітанне").
Амерыканскі серыял "Чарнобыль" быў прызнаны найлепшым міні-серыялам.
Аўстраліец Расэл Кроў атрымаў "Залаты глобус" за найлепшую мужчынскую ролю ў міні-серыяле ("Самы гучны голас"). На цырымонію ўзнагароджання актор не прыляцеў. Замест сябе ён даслаў пасланне, прысвечаная гіганцкім пажарам у яго роднай Аўстраліі. Ён падкрэсліў, што гэтая трагедыя звязаная са зменамі клімату.
Сярод анімацыйных стужак найлепшым быў прызнаны мультфільм "Страчанае звяно".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.