Фільмы пра беларускую моладзь трапілі ў сталічны пракат

Фільмы пра беларускую моладзь трапілі ў сталічны пракат

12 красавіка ў трох кінатэатрах Мінска пачнуць круціць маладзёжны кінаальманах "Пакаленне.by". Гэта тры кароткаметражкі, знятыя маладымі беларускімі рэжысёрамі. Дзве з іх ужо знаёмыя кінаману: "Сябры па перапісцы" Нэлы Васілеўскай і "Адной крыві" Мітрыя Сямёнава-Алейнікава праехаліся па еўрапейскіх кінафестывалях і прывезлі дадому ўзнагароды. А "Коля едзе" — дэбют тэатральнага рэжысёра з Барысава Сяргея Сергіенкі.


"Гэтыя тры лепшыя на сёння маладзёжныя фільмы, сабраныя ў альманах не проста кшталту складанкі карцінак. Мы пастараліся, каб яны дапаўнялі адзін іншы і склалі адзін наратыў. Гэта фільмы пра беларускую моладзь, пра якую ўсе так шмат гавораць. Тут уздымаюцца пытанні, хто яна, якая яна, як сябе паводзіць, чым дыхае, што ўмее", — распавядае Еўрарадыё прадзюсар кінаальманаха Леанід Каліценя.

Цікава, што "Пакаленне.by" з'явіцца ў сталічных кінатэатрах "Беларусь" і Silver Screen (Dana Mall, Galileo) не аднойчы (як гэта бывае звычайна з беларускім кіно): яго будуць паказваць з 12 па 18 красавіка. Пасля гэтага кіно пра беларускую моладзь паедзе ў Гомель і Віцебск.


"Калі глядач пойдзе і ў касе будзе плюс, то з'явіцца і жаданне ў кінатэатраў прымаць беларускае кіно як ардынарнае і добрае, — працягвае Каліценя. — Мы хочам кінаальманахам канчаткова развеяць міф, што беларускае кіно кепскае. Гэта вясёлыя і крыху сумныя, з музыкай і маладымі людзьмі сучасныя гісторыі".


Каліценя запэўнівае, што гэта не проста кінаальманах, гэта — цукерка. Што ж, праверым!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі