Фінляндыя абвінаваціла Расію ў парушэнні паветранай мяжы
Мінабароны Фінляндыі падазрае два расійскія ваенныя самалёты ў парушэнні паветранай прасторы краіны.
Інцыдэнт з расійскімі самалётамі, перадае ИТАР-ТАСС са спасылкай на фінскае Мінабароны, адбыўся раніцай у аўторак, 11 чэрвеня, у раёне Фінскага заліва. У сувязі з меркаваным парушэннем паветранай прасторы краіны ў паветра па трывозе былі паднятыя знішчальнікі Ваенна-паветраных сілаў Фінляндыі.
Ніякія іншыя падрабязнасці здарэння не ўдакладняюцца. Мінабароны Фінляндыі толькі заявіла, што памежнай службе краіны загадана правесці разгляд і дакласці пра яго вынікі.
Дарэчы, за апошнія некалькі тыдняў гэта ўжо другі выпадак, калі Фінляндыя заяўляе, што расійскія ваенныя самалёты парушаюць яе паветраную прастору.
Фота — AFP