Фонд салідарнасці BySol сабраў 200 тысяч еўра за І квартал 2024 года
Андрэй Стрыжак
За першы квартал 2024 года фонд салідарнасці BySol сабраў каля 200 тысяч еўра. У каментары сайту "Позірк" сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак паведаміў, што ахвяраванняў стала больш у параўнанні з 2023 годам.
Па яго словах, сярэдняя сума ахвяравання стала меншай, затое павялічыся колькасць ахвярадаўцаў. "Колькасць данатаў у нас вырасла на 24,5%, а новых падпісчыкаў — на 16,5% [у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года]. Калі казаць у абсалютных лічбах, то за першы квартал мы фіксуем роўна 5 тысяч карыстальнікаў (данатараў)", — кажа прадстаўнік фонду BySol.
Летасць на зборы фонду адгукнулася больш за 20 тысяч чалавек, дадае ён. Ёсць людзі, які пералічваюць грошы рэгулярна: "Калі мы гаворым пра тых, хто аформіў падпіску праз наш сайт альбо праз пляцоўку на Patreon і плаціць рэгулярна, — дык гэта каля 300 чалавек".
Падпіска, па словах Стрыжака, дае фонду прыкладна 6,5 тысяч еўра штомесяц. "Мы пачалі актыўна развіваць наш Patreon, і цяпер там у нас каля 100 падпісчыкаў і каля 1000 долараў штомесяц", — тлумачыць ён.
Сёлета вырасла нагрузка на эвакуацыйную службу фонду, кажа Стрыжак. Пасля аблавы КДБ на сваякоў палітвязняў, якая прайшла на пачатку года, людзі сталі выязджаць цэлымі сем'ямі. У якасці прыкладу ён згадвае Ірыну Такарчук — маці экс-палітзняволенай Вольгі Такарчук. Жанчыну ўзялі пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, хаця яна "проста дапамагала дачцэ, калі яна сядзела, а ў выніку сама стала палітзняволенай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.