FSP будуць праводзіць раз на два гады
Пікнік FSP у наступным годзе адмяняецца. Ён цяпер будзе адбывацца адзін раз на два гады. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў арганізатар фэсту і кіраўнік рэкламнага агенцтва Pocket Rocket Дзяніс Чырка.
"FSP стаў рэалізацыяй нашых амбіцый — першапачаткова ніхто не разумеў, як робіцца фестываль, збіраецца каманда, з'яўляюцца спонсары, бранююцца музыканты, робіцца рэкламная кампанія ды інш. У 2018 колькасць спонсараў, фудкортаў, вендараў і найпрыгажэйшых гасцей і інстаграмак перавысіла гістарычны максімум. Усё атрымалася, і дакладна атрымаецца ў наступным годзе. Ёсць адно "але". Pocket Rocket — гэта платформа пуску новых нестандартных праектаў, а не касмічная арбітальная станцыя. Нам жыццёва неабходна пераадольваць прыцягненне, а не падтрымліваць вялікія сфармаваныя праекты", — заяўляе Чырка.
Ён абвяшчае, што FSP пераводзіцца ў фармат біенале (будзе праводзіцца праз год). Наступны фэст плануецца правесці 25-26 ліпеня 2020 года. "Гэта будзе іншы фестываль, як і раней — незразумелы, які можна будзе лаяць, крытыкаваць, але схадзіць варта", — дадае арганізатар.