Футбаліст з вышэйшай лігі: Каб падзарабіць, ужо працаваў на фірме вадзіцелем

Футбаліст з вышэйшай лігі: Каб падзарабіць, ужо працаваў на фірме вадзіцелем

Каб прыцягнуць увагу да фінансавай сітуацыі у ФК “Нафтан”, галкіпер Ігар Даўгяла выставіў у сацсетцы аб’яву аб продажы буцаў. За 50 рублёў. Няўжо футбалістам з вышэйшай лігі і праўда няма чым карміць сем’і?

 

Колькі плацяць гульцам “Нафтана”?

 

Крыніца з кіраўніцтва наваполацкага клуба падзялілася з Еўрарадыё інфармацыяй датычна заробкаў.

Футбаліст з вышэйшай лігі: Каб падзарабіць, ужо працаваў на фірме вадзіцелем

Футбалістам стабільна плацяць так званы бюджэтны складнік. У Даўгялы ён складае 720 рублёў. Калі адняць 13% падаходнага падатку, атрымліваецца 626 рублёў чыстымі ў месяц. На гэтыя грошы футбаліст сёння павінен гадаваць дваіх дзяцей.

Астатняя частка заробку плаціцца за прафмайстэрства. У клубе сцвярджаюць, што яна пераўзыходзіць бюджэтны складнік у разы. То бок футбалісту ўзроўню Даўгялы недаплачваюць у месяц як мінімум 1250 рублёў чыстымі.

Пры гэтым раней гульцам “Нафтана” выдалі грошы за прафмайстэрства адразу за пяць першых месяцаў 2016 года.

“Цяпер чакаем наступнага траншу грошай”, — спадзяюцца у клубе.

У будучым футбаліст узроўню Даўгялы павінен атрымаць блізу 6250 рублёў чыстымі за раз. Але жалезных гарантый, што грошы выплацяць, не даецца. 

Тым часам з-за перабояў з выплатамі многія гульцы не могуць звесці дэбет з крэдытам і не могуць упэўнена сябе адчуваць. Праверыць названыя лічбы на 100% Еўрарадыё не можа: кантракты забараняюць футбалістам называць свае зарплаты.

 

Ігар Даўгяла: “У адпачынку хоць на месяц—два трэба будзе шукаць працу”

 

Галкіпер “Нафтана” ўжо задумваецца пра тое, чым заняцца пасля таго, як завершыцца сезон.

Футбаліст з вышэйшай лігі: Каб падзарабіць, ужо працаваў на фірме вадзіцелем

“Кантракты ва ўсіх скончацца, выплацяць адпускныя, і ўсе будуць часова беспрацоўнымі. На час такога адпачынку нічога не аплачваецца. Таму, хоць на месяц—два трэба будзе нешта шукаць. Ужо была сітуацыя, калі затрымлівалі грошы. Давялося прасіцца да знаёмага на фірму: “Памажы хоць на месяц!” Падпрацоўваў кіроўцам, хоць нейкія капейкі, але зарабіў”, — дзеліцца досведам Даўгяла.

У “Нафтане” галкіпер аддана гуляе амаль усю прафесійную кар’еру. Сёлета ён не спяшаўся рабіць заяваў пра фінансавае становішча гульцоў. Але выказацца давялося, бо ўжо прыперла да сценкі.

“Каб жонка працавала, было б лягчэй. Але гэта няпроста, часта хварэе дачка. А колькі ў нас каштуюць лекі — самі ведаеце. Каб я жыў у Віцебску, то, можа быць, і падпрацоўваў бы. А ў невялікім горадзе, як Наваполацк, складана нешта знайсці. Хіба што падпрацаваць таксістам. Але не хочацца займацца староннімі рэчамі, апроч футбола, калі шчыра”, — апавядае галкіпер.

Футбаліст з вышэйшай лігі: Каб падзарабіць, ужо працаваў на фірме вадзіцелем

Футбаліста “Нафтана” Ігара Трухава таксама абурае ідэя, што прафесійны гулец можа дзесьці падпрацоўваць. Сёлета ён абнавіў рэкорд чэмпіяната Беларусі: ён гол ва ўзросце 40 гадоў і 70 дзён. У такім пачэсным веку Трухаў таксама павінен жыць на заробак у 600 рублёў.

“У футболе мяне прымушае заставацца, напэўна, толькі самалюбства. А што застаецца рабіць. Пакуль жыву за кошт накопленых цягам кар’еры зберажэнняў”, — кажа Трухаў.

Гулец заспеў розныя часы ў беларускім футболе, але сітуацыя ў “Нафтане” яго па-сапраўднаму здзівіла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі