Галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча не адпусцілі з-пад варты
Ягор Марціновіч / Facebook
У нядзелю, 18 ліпеня, скончыліся 10 сутак затрымання галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Ягора Марціновіча. Яго забралі па арт. 342 Крымінальнага Кодэкса, піша выданне.
За гэты час Марціновічу не было прад'яўлена абвінавачванне, не была абраная мера ўтрымання: увесь час ён знаходзіўся ў СІЗА на Акрэсціна ў статусе "падазраванага". Вядома, што на гэты раз ён затрыманы яшчэ на трое сутак, па якім артыкуле не вядома.
Нагадаем, Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня. Пры затрыманні яго білі, у Следчы камітэт прыязджала "хуткая дапамога". Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактар "Нашай гісторыі" Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўны бухгалтар Вольга Раковіч. Вольгу вызвалілі 16 ліпеня. Рашэння ў дачыненні да Андрэя Скурко і Андрэя Дынько няма, іх статус таксама невядомы, абвінавачання не было.
Затрыманыя праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК РБ (падрыхтоўка або арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак або ўдзел у іх).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.