Гамяльчанку, якая ўтапіла сваіх дзяцей, асудзілі на 25 гадоў турмы
Гомельскі абласны суд сёння завяршыў разгляд справы 25-гадовай жанчыны, якая ўтапіла ў ванне дваіх сваіх дзяцей. Гамяльчанку прызналі вінаватай у забойстве з асаблівай жорсткасцю і асудзілі на 25 гадоў калоніі агульнага рэжыму, перадае БЕЛТА.
Па словах прадстаўніка абласной пракуратуры, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне ў працэсе, віна жанчыны даказаная цалкам. Выявілася, што 7 красавіка маладая маці прымала ванну разам з двухгадовым сынам. Яна пагрузіла дзіця з галавой у ваду і ўтрымлівала да наступлення смерці. Пасля гэтага, сцвярджае следства, яна ўтапіла і сваю 11-месячную дачку. Раніцай наступнага дня маці выклікала міліцыю.
Паводле заключэння псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, праведзенай падчас следства, у абвінавачанай дыягнаставалі дысацыяльнае разладжанне асобы. Але пры гэтым у момант здзяйснення злачынства абвінавачаная не была ў стане афекту і ўсведамляла што робіць, а таксама магла кіраваць сваімі ўчынкамі.
Працэс праходзіў у закрытым рэжыме па хадайніцтве абвінавачанай, якая не хацела, каб публічна агалошваліся падрабязнасці яе асабістага жыцця.
Жанчына сама выхоўвалася ў дзіцячым доме. Яе біялагічныя бацькі жывыя, але не цікавяцца лёсам дачкі.
Фота: БелаПАН