Гайдукевіч: Даю 100%, што апазіцыя аб’яднаецца з Лукашэнкам супраць мяне!

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч расказаў Еўрарадыё пра свае шляхецкія карані, пра тое, навошта асвяціў спісы сваёй ініцыятыўнай групы, чаму не хоча ні з кім аб'ядноўвацца, а таксама прыадкрыў таямніцу, як ён збіраецца перамагаць. Еўрарадыё: Каго вы лічыце асноўным сваім сапернікам на гэтых выбарах?

Гайдукевіч: Лукашэнка. А астатнія… Я не хачу нікога пакрыўдзіць, але хто іх ўвогуле ведае? Калі інтэрнэт адключыш, то іх прозвішчы ніхто без дапамогі інтэрнэта не ўзгадае. Я проста думаю, што ўсе гэтыя хлопцы будуць подпісы збіраць, потым адзін аднаму прадаваць. Хто на плошчу выйдзе, таксама не магу зразумець — прозвішчы-та ўсе невядомыя. Шкада, быў вельмі добры кандыдат ад апазіцыі Мілінкевіч. Такі шанец згубілі! Я не ведаю, можа гэта каму і патрэбна было. Праўда, цяпер на мяне ў інтэрнэце накінуліся, што толькі ні пішуць! Але галоўнае, каб супраць мяне з Лукашэнкам не аб’ядналіся. Ужо галасы такія ёсць, што ён за незалежнасць. Не здзіўлюся, калі яны з Лукашэнкам аб’яднаюцца супраць мяне. На 100 адсоткаў гэта будзе! Але мяне гэта задавальняе. Ну, набяруць яны па 1,5 адсоткі галасоў. І малайцы! Яны ж хочуць другі тур зладзіць. Вось няхай паміж сабой і ладзяць другі тур. Я вам не буду казаць пра адсоткі. Адзін заяўляе, што набярэ 51%. Другі заяўляе — 50, трэці — 30. Склалі разам — атрымалася 240%. Дзе насельніцтва набяруць? Я скажу так: мне абсалютна абыякавы адміністратыўны рэсурс. Я спадзяюся толькі на беларускі народ. Я не збіраюся ні з кім аб’ядноўвацца — няма з кім. Я збіраюся змагацца з дзеючым прэзідэнтам. І па поўнай праграме!



Еўрарадыё: Іншыя палітыкі абяцаюць 19 снежня вывесці людзей на плошчу. А вы сваю плошчу не плануеце?

Гайдукевіч: Вось яны кажуць: “Мы пойдзем на плошчу”. Колькі яны разоў хадзілі за гэтыя 10 гадоў на плошчу? Прывядзіце мне прыклад, калі там дзясяткі тысяч чалавек было? А я кажу па-іншаму: я спадзяюся на беларускіх грамадзян, на сваіх выбаршчыкаў. І дасць Бог, калі яны мяне падтрымаюць.

Еўрарадыё: Гэта вашыя трэція прэзідэнцкія выбары. Разлічваеце, што яны стануць вашай зорнай гадзінай?

Гайдукевіч: Як я выглядаю? Нядрэнна пакуль, магу пазмагацца? Зорную гадзіну толькі Бог прызначае. Я калі сюды ішоў, святар нас усіх асвяціў. Я праваслаўны, веруючы чалавек. Самы сапраўдны беларус, шляхта. Мой дзед атрымаў герб у 1700 годзе, Анджэй Гайдукевіч. Мяне вучылі мае продкі, што зорная гадзіна прыходзіць не тады, калі ты загадаеш, але яна прыйдзе, яе трэба чакаць. Калі яна прыйдзе, я не ведаю. Бо быў бы тады пустабрэхам.



Еўрарадыё: Тое, што вы асвяцілі спісы сваёй групы ў царкве, адштурхне ад іх д’ябальскія сілы Цэнтрвыбаркама?

Гайдукевіч: Я веруючы чалавек і зарабіў тое, што павінен быў зрабіць веруючы чалавек. Царква нікому не адмаўляе. Я прыйшоў у царкву і папрасіў: “Прашу вас, блаславіце!”. І я лічу, што я проста выканаў свой абавязак.

Еўрарадыё: Вы верыце ў заяву Ярмошынай наконт таго, што яна ў палітыцы не ўдзельнічае?


Гайдукевіч: Я ўвогуле нікому не веру! Веру толькі сваім людзям і самому сабе. Мой прадзед казаў: “Сядай на каня і ідзі ваюй. А верыць трэба толькі Радзіме, людзям і самому сабе”. А навошта мне верыць яшчэ некаму? Калі я ўсіх буду слухаць, то які ж я лідар? Гавораць усе хай што хочуць. У мяне ёсць мэта, ёсць задача, і я яе буду выконваць. Любымі сродкамі! Вы ў гэтым хутка ўпэўніцеся.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы падчас выбараў карыстацца бруднымі тэхналогіямі?

Гайдукевіч: Я думаю, што супраць мяне заўтра ўжо з’явіцца поўны букет розных меркаванняў. Яны хочуць любымі сродкамі прыбраць Гайдукевіча з прэзідэнцкай кампаніі. Калі мяне не здыме Цэнтрвыбаркам. Але здыме, дык здыме! Тады і я, і вы будзем ведаць, што знялі самага моцнага. А карыстацца піярамі… А навошта? Ці ж у нашай краіне піяр адыгрывае нейкую ролю?!  

Еўрарадыё: Вы разлічваеце на дэбаты з Лукашэнкам на БТ?

Гайдукевіч: Гэта яго права. Гэта няхай Някляеў марыць пра дэбаты. А я кажу так: хоча — калі ласка, не хоча — калі ласка! Я што, павінен папрасіцца?! Усе мараць падэбатаваць!



Еўрарадыё: Ці падтрымае Расія Гайдукевіча?

Гайдукевіч: А гэта пытанне да расіянаў. Але ў нас няма і не можа быць пракрамлёўскага кандыдата. Гэтага ніхто не зразумее. Можа быць чалавек, які выказвае меркаванне, блізкае расійскаму кіраўніцтву. І блізкае беларускім грамадзянам. Вось гэта ў нас ёсць. Ёсць такі кандыдат у прэзідэнты.

Еўрарадыё: Ці прыедзе Жырыноўскі падтрымаць вас на выбарах?

Гайдукевіч: Я б гэтага не хацеў. І Ўладзімір Вольфавіч гэтага не захоча. Ён выдатна ведае, што мяне падтрымліваць няма ніякай неабходнасці. Я не пакутую на дзіцячую хваробу неабходнасці дапамогі. Можа, мне яшчэ есці дапамогу ці яшчэ што рабіць? Адмаўляюся! Моцная партыя, вельмі моцны кандыдат у прэзідэнты — не трэба нам ніхто! Мы самі тут з беларускімі грамадзянамі разбярэмся.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі