Газ і электрычнасць для насельніцтва ў 2016 годзе могуць падаражэць на 20%
У 2016 годзе могуць істотна павысіцца тарыфы на газ і электраэнэргію для насельніцтва. У Беларусі плануецца адмяніць падатковую ільготу па гэтых тарыфах. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэтую меру прадугледжвае праект бюджэту на будучы год.
Заканадаўцы прапаноўваюць з 2016 года вызначаць тарыфы на газ і электрычнасць для насельніцтва з улікам падатку на даданую вартасць (ПДВ). Сёння ПДВ складае 20%.
Па словах экспертаў, прапанова ўключыць ПДВ у тарыфы для насельніцтва — гэта адна з мер, накіраваных на ліквідацыю перакрыжаванага субсідавання.
Цяпер газа- і энэргазабеспячальныя арганізацыі адносяць ПДВ на выдаткі, звязаныя з аказаннем насельніцтву паслуг газа- і электразабеспячэння. Чакаецца, што новаўвядзенне павялічыць долю насельніцтва ў кампенсацыі выдаткаў на аказанне такіх паслуг.
Дарэчы, рэформа тарыфаў з'яўляецца адной з умоваў міжнародных фінансавых арганізацый, з якімі Беларусь цяпер вядзе перамовы пра новыя крэдыты.
Фота: onliner.by