Газета "Вечерний Могилев" збірае грошы на штраф ад "блакітнага лобі"
Скандальна вядомая газета "Вечерний Могилев" просіць у сваіх чытачоў фінансавай дапамогі, каб выплаціць штраф. Адпаведная абвестка з'явілася ў сацсетках.
Як распавядала Еўрарадыё, Мінінфармацыі знайшло прыкметы экстрэмізму ў двух матэрыялах газеты. Гэта першы выпадак у Беларусі, калі экстрэмізм быў выяўлены ў дзяржаўным выданні.
28 чэрвеня выданне атрымала заяву за подпісам часовага кіраўніка Ленінскага РАУС Магілёва А.Любініна, дзе матэрыялы газеты таксама называюцца экстрэмісцкімі.
"Вечерний Могилев" атрымаў штраф. Рэдакцыя выдання лічыць, што стала ахвярай барацьбы з "ідэалогіяй садаміі":
"На працягу шэрагу апошніх гадоў рэдакцыя газеты "Вечерний Могилев" адстойвала хрысціянскія каштоўнасці, аказваючы інфармацыйнае процідзеянне ідэалогіі садаміі, якая абрынулася на беларускую зямлю. На жаль, барацьба апынулася няроўнай. У прыхільнікаў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі апынуліся магутныя заступнікі ва ўладных структурах".
"Вечерний Могилев" лічыць, што на яго "паступіла палітычная замова з боку "блакітнага лобі". Судовую барацьбу ў такіх умовах рэдакцыя называе бесперсктыўнай, таму просіць чытачоў дапамагчы ў выплаце штрафу.
Газета "Вечерний Могилев" набыла вядомасць сваімі агрэсіўнымі артыкуламі з нападкамі на прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.