Генпракурор Канюк сустрэўся з маці асуджаных за наркотыкі
Таццяна Канеўская і Ліяна Шуба ў холе Генеральнай пракуратуры / Еўрарадыё
Генпракурор Аляксандр Канюк сустрэўся з маці асуджаных за наркотыкі Таццянай Канеўскай і Ліянай Шубай. Па іх словах, кіраўнік Генпракуратуры хацеў "больш і глыбей зразумець іх праблему".
"Мы паставілі пытанне аб тым, каб аўтаматычна (у такім выпадку характарыстыка з калоніі не патрэбна) знізіць тэрміны на два гады ўсім асуджаным па 2 і 3 частках, — расказала Еўрарадыё Таццяна Канеўская. — Мы ведаем, што Вярхоўны Суд не супраць. Нам сказалі, што Генпракуратура супраць не будзе. Мы папрасілі, каб у найбліжэйшыя дні нам далі адказ, як канкрэтна будзе прымяняцца зніжэнне ніжняга парога".
На вясновай сесіі дэпутаты парламента прынялі законапраект аб змяненні антынаркатычнага 328-га артыкула Крымінальнага кодэкса. Згодна з ім ніжнія парогі пакарання па 2 і 3 частках артыкула 328 былі зніжаны з пяці да трох і з васьмі да шасці гадоў адпаведна. Маці асуджаных дамагаюцца, каб тым, хто ўжо адбывае пакаранне па гэтых частках, таксама паменшылі тэрміны.
На прыёме ў генпракурора Шуба і Канеўская ўзнялі пытанне аб зніжэнні верхніх парогаў пакаранняў па артыкуле 328 КК. Аляксандр Канюк адказаў, што гэта не вотчына яго ведамства, і параіў звяртацца ў парламент.
У сваю чаргу, работнікі пракуратуры цікавіліся ў маці, ці гатовыя яны адказваць перад бацькамі, чые дзеці памерлі ад наркотыкаў або былі забітыя людзьмі, якія знаходзяцца ў наркатычным ап'яненні.
"Мы адказалі, што мы не проста гатовыя — мы хочам гэтага. Мы хочам сесці з імі за стол і растлумачыць тым маці, чые дзеці загінулі ад наркотыкаў, што мы такія ж ахвяры. Гэта адна вялікая праблема — і тых, якія загінулі, і тых, якія сядзяць", — расказвае Еўрарадыё Таццяна Канеўская.
Канюк запэўніў маці, што хоча сустрэцца і з іншымі людзьмі, чые блізкія былі асуджаны за наркотыкі. Канеўская і Шуба звязваюць гэта з "разносам" сілавікоў на нарадзе Лукашэнкі.
"Мімаходзь была кінута фраза, што не выключана, што Аляксандр Рыгоравіч [Лукашэнка] сустрэнецца з маці", — дадала Канеўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.