Гэта была міліцыя? Пад Мінскам невядомыя выкралі хлопца і дзяўчыну
Спачатку ўдарылі, потым затрымалі. Скрыншот з відэа / Еўрарадыё
Раніцай 29 кастрычніка Ягора Котава і ягоную сяброўку Ангеліну жорстка затрымалі каля пад'езда ў Зялёным Бары пад Мінскам. Мужчына ў цывільным адзенні ўдарыў Ягора па твары і паваліў на зямлю. Яго таварышы скруцілі хлопца і дзяўчыну, пасадзілі ў прыпаркаваны непадалёк "міцубісі" на брэсцкіх нумарах і павезлі.
— Яна на супрацоўніка напала! — апраўдваецца адзін з іх.
— А дзе супрацоўнікі? — пытаецца жыхар квартала, які стаў сведкам затрымання.
— Мы сказалі: "Міліцыя!" — крычыць сілавік (і тут мы разумеем, што гэта, напэўна, сілавікі).
— Мне расказалі, што яму ўчора патэлефанавалі з ДАІ, што ён павінен прыехаць. А сёння прыехалі і забралі яго. Ягор не тэлефанаваў, я не паспела з ім пагаварыць. Ні ў якае ДТЗ ён не трапляў. У момант затрымання відаць яго машына — бардовы "фальксваген", — расказвае Еўрарадыё Святлана, мама Ягора.
Святлана дадае, што Ягор — айцішнік, працуе ў буйной кампаніі EPAM. У апошні час у офіс не ездзіць — праца аддаленая, таму машына па большай частцы стаіць без справы.
Цяпер Ягор і Ангеліна ў ізалятары на вуліцы Францыска Скарыны, 20.
— Я стаяў ля іншага дома, каля таварыства ўласнікаў. Убачыў, як нехта напаў на двух чалавек. Хлопцы-ўласнікі ўбачылі, як збіваюць дзяўчыну, а потым ззаду падбеглі яшчэ, не прадстаўляючыся, людзі ў чорным. Сказалі толькі "Міліцыя!", а адзін з таварышаў, які ўдарыў Ягора ў твар, дастаў з сумкі пісталет і хацеў навесці на мяне, папярэдзіўшы, што будзе ў мяне страляць, — расказвае сведка затрымання Артур. — Чалавек, які знаходзіўся са мной побач, бачыў, што даставалі пісталет.
Я прадставіўся старшынёй таварыства ўласнікаў і папрасіў растлумачыць, што адбываецца. Мне ніхто нічога не растлумачыў, проста былі пагрозы. Ягора пасадзілі ў джып. Я спытаў, куды яго вязуць, мне ніхто не адказаў.
Беларускія міліцыянеры часта працуюць у цывільным адзенні. МУС настойвае на тым, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць на гэта права. Маўляў, унутранымі дакументамі МУС рэгламентавана, што пры выкананні ўскладзеных задач яны могуць ажыццяўляць ахову грамадскага парадку як у форме, так і ў цывільным адзенні.
Людзі звяртаюць увагу, што супрацоўнікаў ОУС у цывільным адзенні часам складана адрозніць ад бандытаў. Напрыклад, 15 верасня, калі сілавікі без формы прыйшлі з ператрусам да жыхара "Плошчы Перамен" Сцяпана Латыпава і збіраліся ўскрыць яго дзверы, суседка Латыпава з цяжкасцю паверыла хлопцу ў байцы і балаклаве, які заявіў, што ён з міліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.