"Гэта дакладна не 15 чалавек". Брэсцкае "Дынама" — пра ўспышку COVID-19 у клубе
Брэсцкае "Дынама" / vk.com
ФК "Дынама-Брэст" пракаментаваў навіны пра ўспышку COVID-19 у клубе. Прэс-служба пацвярджае, што хворыя футбалісты ёсць, але "іх дакладна не 15 чалавек".
— Не ўсе хлопцы атрымалі яшчэ вынікі тэстаў. Але гэта дакладна не 15 чалавек, як пішуць СМІ. Некаторыя гульцы знаходзяцца на карантыне. Што тычыцца тых, у каго каранавірус пацверджаны, то іх стан стабільны, здавальняючы. Яны атрымліваюць кваліфікаванае лячэнне: за іх здароўем пільна сочаць медыкі. Прозвішчы і імёны мы не называем з павагі да асабістай прасторы футбалістаў, — гаворыцца ў паведамленні клуба.
Пра ўспышку захворвання ў футбольным клубе стала вядома 2 ліпеня. 3 ліпеня гендырэктар клуба Сяргей Вараб'ёў прызнаў, што "некалькі гульцоў асноўнага складу праходзяць абследаванне", але вынікаў тэстаў яшчэ не было. 5 ліпеня лідар каманды Арцём Мілеўскі напісаў у Instagram, што сыходзіць на двухтыднёвую самаізаляцыю. 6 ліпеня раніцай "Трыбуна" паведаміла, што ў брэсцкім "Дынама" заразіліся каранавірусам 16 чалавек: 11 футбалістаў і 5 работнікаў клуба.
"Дынама-Брэст" заклікае СМІ "не ўводзіць грамадскасць у зман":
— Цяпер перад клубам стаіць задача як мага хутчэй выйсці з сітуацыі, якая склалася. Мы жадаем хлопцам хутчэйшага выздараўлення! У гэты няпросты час камандзе патрэбны падтрымка і разуменне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.