Гідаў-перакладчыкаў на Гродзеншчыне за тры гады стала менш удвая

Экскурсія ў Гродне, ілюстрацыйнае фота / hrodna.life
У Гродзенскай вобласці за апошнія тры гады з 20 атэставаных гідаў-перакладчыкаў засталося толькі 11. Хаця і турыстаў, і экскурсаводаў стала больш.
У самім Гродне гідаў-перакладчыкаў засталося ўсяго сем, яшчэ два працуюць у Гродзенскім раёне. Яны абслугоўваюць разнамоўныя экскурсіі на Аўгустоўскім канале, у Свяцку ды іншых месцах, расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі ў інтэрв'ю "Гродзенскай праўдзе".
Змяншэнне колькасці гідаў-перакладчыкаў тлумачыцца проста: 80% замежных турыстаў у Гродна цяпер прыязджаюць з Расіі.
Затое ў вобласці вырасла колькасць экскурсаводаў — ад 122 (столькі іх было ў 2011-м) да 161. У Гродне цяпер працуе 81 экскурсавод, у Навагрудскім раёне — 16 і ў Лідскім — 14. Па колькасці экскурсаводаў Гродзеншчыну апярэджвае толькі Мінск.
Новыя правілы для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў пачалі дзейнічаць з 1 студзеня 2023 года. Адно з новых патрабаванняў — забарона на прафесію, калі раней экскурсавода судзілі паводле "палітычнага" артыкула, нават калі судзімасць была знятая або пераслед спынілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.