Як куплялі дом для пенсіянеркі, што страціла жыллё
Новы домік для пенсіянеркі
Тры месяцы таму Маргарыце (па просьбе героя імя змененае) не было дзе жыць, яна страціла жыллё. На шчасце ў траўні пенсіянерка пазнаёмілася з Ірынай Логвін.
Ірына пазычыла грошай у сяброў, дадала ўласных сабраных грошай і купіла для Маргарыты дом у невялікай беларускай вёсцы.
"Жывіце, колькі хочаце, і жывіце доўга", — адказала Ірына, калі жанчына спытала, ці доўга зможа тут заставацца.
"Так склаліся абставіны"
Недалёка ад станцыі метро "Пралетарская" працуе бясплатная сталовая для бяздомных — і проста бедных людзей. Нядаўна там павесілі аб'яву: на суседняй вуліцы дзейнічае "Сацыяльна-кансультацыйны пункт".
Гэта праект Рэлігійнай місіі "Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.
Тым, хто хоча не проста паабедаць, але і паспрабаваць змяніць жыццё, прапанавалі прыйсці туды і пагутарыць са спецыялістамі па сацыяльнай рабоце.
А ў траўні Аляксандр Чарніцкі, кіраўнік ініцыятывы "Сталовая для бяздомных", асабіста звярнуўся да спецыяліста па сацыяльнай рабоце праекта "Карытас" Ірыны Логвін. Ён прасіў дапамагчы пажылой жанчыне знайсці працу па доглядзе тых, хто мае патрэбу. Плаціць не трэба — жанчыне было дастаткова, каб на час працы яе забяспечылі жыллём.
Ірына працуе з дабрачыннымі праектамі з 90-х. Колькі гадоў таму яна стварыла ўласную дабрачынную арганізацыю — Установу па аказанні дапамогі ў складанай жыццёвай сітуацыі "Лёс і надзея". Яе каманда працуе ў супрацоўніцтве з "Карытас".
Сустрэць чалавека, які гатовы даглядаць пажылых або хворых людзей, для сацыяльных работнікаў — вялікі поспех. Бярэцца за такую працу не шмат хто. Але калі Ірына пазнаёмілася з Маргарытай, стала ясна: 83-гадовай жанчыне патрэбна не праца, а жыллё і клопат.
Маргарыта папрасіла нас не расказваць яе гісторыю. Таму мы абмяжуемся лаканічным: так склаліся абставіны. Ірына чула шмат гісторый, удзельнікі якіх казалі: так склаліся абставіны. Але ўпершыню адважылася паўдзельнічаць у жыцці чалавека, які звярнуўся да яе, настолькі актыўна — проста купіць для яго дом.
"Давайце паселім бабулю ў пансіянат"
Але гэта было не першае, што зрабілі спецыялісты па сацыяльнай рабоце. Яны высветлілі, што ў пажылой жанчыны ёсць жыллё ў Гродзенскай вобласці — уласны невялікі вясковы домік. Але за дваццаць гадоў, якія дом пуставаў, ён прыйшоў у непрыдатнасць.
Ірына Логвін звязалася з кіраўніцтвам сельскага Савета, каб там знайсці дапамогу. Меркавалася, што сельсавет можа вылучыць спецыялістаў, якія дапамогуць пенсіянерцы аднавіць дом — а яна будзе адкладаць частку пенсіі і так паступова аплаціць гэтыя работы.
— Аднак на пісьмовы зварот з просьбай дапамагчы ў аднаўленні дома быў атрыманы адказ, што дом не падлягае рамонту, — расказвае Ірына. — Я сустракала многіх людзей, у якіх не было дома. Але я не адважвалася на такія актыўныя дзеянні. А гэтым разам адважылася, таму што бачу, які Маргарыта чалавек — і наколькі тупіковая яе сітуацыя.
У Ірыны пастаянна пытаюцца, чаму бабулю нельга проста накіраваць у пансіянат. Пад прыгожым словам "пансіянат" — звычайны ложак у доме састарэлых, за які чалавек аддае сваю пенсію. Такі варыянт і прапанавалі сацыяльныя службы.
Ірына згаджаецца: можна зрабіць і так. І гэта самы крайні варыянт. Ці, як кажа Ірына, самы страшны варыянт. Пакуль можна дапамагчы чалавеку захаваць параўнальна звыклы лад жыцця, яна будзе спрабаваць гэта зрабіць.
Дый сама Маргарыта пакуль адмаўляецца ад пансіяната: яна ўпэўненая, што можа жыць і абслугоўваць сябе самастойна. Яна не любіць, калі яе называюць "бабуляй", таму што ў "бабулі" ёсць імя і імя па бацьку. Абезасобліваючы чалавека да "бабулі", яго выкрэсліваюць з сацыяльнага жыцця, кажа Маргарыта.
А яшчэ яна верыць, што складаная сітуацыя, у якой яна апынулася, — не назаўсёды. І пакуль яна не вырашылася, ёй патрэбна дапамога сацыяльных работнікаў.
"Нельга проста кінуць чалавека аднаго ў доме"
Стваральнік сталовай для бяздомных Аляксандр дапамог перавезці Маргарыту ў гэты вясковы домік. Калі размясціў фотасправаздачу ў сацсетках, падпісчыкі адказалі "сэрцайкамі".
Хтосьці захапіўся тым, як проста тварыць дабро: трэба ўсяго толькі знайсці тысячу долараў на куплю вясковага доміка, і адзін бяздомны чалавек перастане быць бяздомным. Але гэта не так.
— Нельга проста пасяліць чалавека ў доме і кінуць яго аднаго, трэба пастаянна кантраляваць сітуацыю. Або дыстанцыйна, або выязджаючы на месца. Мінулы раз мы прывезлі Маргарыце тэлефон, каб яна заўсёды была на сувязі.
Калі да дапамогі падыходзіць прафесійна, трэба вырашаць і пытанне сацыяльнага абслугоўвання. Маргарыце па ўзросце належаць хатнія паслугі з боку тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Па месцы цяперашняга пражывання Маргарыты мы запыталі дапамогу сацыяльнага работніка, які можа прынесці ў дом вады, схадзіць па прадукты харчавання, прыгатаваць, прыбраць у доме і аказаць іншыя паслугі, прадугледжаныя заканадаўствам аб сацыяльным абслугоўванні. Цяпер у цэнтры падбіраюць прыдатнага спецыяліста.
Калі вы адважыцеся на такі праект, захочаце купіць дом і пасяліць у яго бяздомнага чалавека — абавязкова кансультуйцеся са спецыялістамі. Трэба разумець, што набыць домік — гэта доўгатэрміновы праект. Для жыцця людзей трэба будзе забяспечваць умовы.
Лепш працаваць з прафесіяналамі, у якіх ёсць досвед. Тым, хто хоча заняцца дабрачыннасцю, варта пачынаць з малога, вучыцца, а пазней пераходзіць да самастойнасці. Галоўны прынцып — не нашкодзь. Часам самыя лепшыя чалавечыя парывы могуць абярнуцца яшчэ горшай сітуацыяй. Здаецца, і гэта дам чалавеку, і гэта дам — а выходзіць дрэнна.
Каманда сацыяльнага праекта "Карытас" выязджае ў вёску а восьмай раніцы. Наступныя чатыры ці шэсць гадзін ідуць на абыход розных інстанцый у райцэнтры. Правесці ў дом ваду, заказаць дровы, перадаць дакументы ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, каб некалькі разоў на тыдзень пенсіянерцы маглі дапамагчы з прыборкай дома, прынесці вады ад суседняй калонкі, пакуль не падключаны водаправод.
— Кім вы даводзіцеся гэтай бабулі? — пытаюцца Ірыну ледзь не ў кожнай інстанцыі, у якую яна прыходзіць.
— Тым жа, кім і вы. Проста чалавек, — кожны раз тлумачыць Ірына.
І зноў прыязджае ў вёску. Каб прывезці прадукты, набраць на калонцы некалькі вёдраў вады, падключыць тэлевізар, каб у пакоях стала крыху весялей. Проста пагаварыць за гарбатай.
— Трэба прывезці бабулі палачку, — успамінае Ірына. Яны прадаюцца ў райцэнтры толькі ў адной краме. Прадавец у адпачынку да 18 жніўня, значыць, трэба будзе купіць палку ў Мінску і прыехаць зноў.
І зноў адно і тое пытанне: "Кім вы даводзіцеся гэтай бабулі?" А следам другое: "Навошта вам гэта?"
Будучыня доміка
— Прафесійнага выгарання ў мяне няма. Я займаюся сацыяльнымі праектамі даўно, атрымлівала спецыяльную адукацыю, у тым ліку за мяжой. Па-першае, калі прафесійна падыходзіш да справы, гэта не адбірае шмат сіл. Па-другое, я верніца. Для мяне відавочна, што ўсе людзі, якія аказваюцца ў мяне ў коле зроку, не выпадковыя. Сілы і натхненне Бог дае, — кажа Ірына.
Калі Маргарыта зможа вырашыць свае праблемы і дапамога Ірыны ёй больш не спатрэбіцца, домік пераабсталююць у сацыяльны прытулак. Хто тут будзе жыць потым, Ірына яшчэ не ведае, але ўкладвае асабістыя сродкі, каб зрабіць гэта жыллё камфортным.
У вёсцы ёсць крама, пошта, касцёл. Спецыялісты "Карытас" цяпер вядуць перамовы, каб арганізаваць дапамогу з боку валанцёраў ад касцёла: магчыма, і Маргарыце, і будучым пастаяльцам доміка захочуць дапамагчы яны.
Грошай на рэканструкцыю дома Ірына не збірае. Але калі хтосьці можа дапамагчы працай або матэрыяламі, ад дапамогі тут не адмовяцца. Будуць удзячныя, калі валанцёры вызавуцца памяняць у старой вясковай хатцы вокны ці проста дапамогуць з набыццём дыванкоў, каб у доме было камфортней жыць.
Большасць праблем можна вырашыць без грошай, запэўнівае Ірына. Патрэбны посуд, коўдры, адзенне — можна кінуць кліч сярод валанцёраў і сяброў. Трэба перавезці пажылую жанчыну на новае месца жыхарства — таксама знойдуцца тыя, хто хоча дапамагчы.
А каб дапамагчы самім людзям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, перш за ўсё трэба растлумачыць, якія ў іх ёсць сацыяльныя гарантыі і правы. Потым — расказаць, якія арганізацыі могуць аказаць дапамогу.
— Камусьці спатрэбіцца і псіхалагічная дапамога. Але, акрамя псіхалагічнай, ёсць яшчэ і практычная дапамога. Многія людзі не хочуць выходзіць за межы "проста пагаварыць". Гатовыя хадзіць па крузе, абмяркоўваць праблему. Але рана ці позна павінен наступіць момант, калі пачынаеш дзейнічаць.
І тут тыя, хто хоча дапамагчы, павінны разумець: выбар за чалавека не зробіш. У вас можа быць магчымасць дапамагчы, але трэба, каб у чалавека было жаданне атрымаць дапамогу.
— Памылка новых людзей у сферы дабрачынных праектаў — яны адразу ж уключаюцца ў праблему эмацыйна. А часам могуць сутыкнуцца з інертнасцю чалавека, з яго нежаданнем мяняць жыццё. І тут хутка можа наступіць расчараванне.
Калі чалавек прыходзіць да вас з праблемай, можа быць дзясятак розных камбінацый развіцця падзей. Ён можа адразу адмовіцца ад дапамогі, можа пагадзіцца — а потым адмовіцца, можа адмовіцца, а потым выказаць жаданне мяняць сітуацыю і дзейнічаць, можа паспрабаваць пачаць рабіць крокі, каб выйсці з крызіснай сітуацыі, а можа проста ціснуць і выцягваць з вас жыццёвыя сілы. Беручыся дапамагаць, памятайце пра прынцып "побач, але не замест". Дапамагайце, але вы не зможаце вырашыць праблему замест чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.