Грабоўскі пра вобшук у хакеістаў: А як вы хацелі? Французы — нашы сапернікі!
Гулец "Нью-Джэрсі Айлендарс" Міхаіл Грабоўскі лічыць вобшук, які французская паліцыя зладзіла зборнай Беларусі па хакеі, звычайнай справай. Па словах адзінага прадстаўніка Беларусі ў NHL, за акіянам праверкі на допінг вельмі распаўсюджаныя. Яны даўно ўжо нікога не выводзяць з сябе.
"У NHL праверкі на допінг практыкуюцца штогод. Могуць прыйсці ў любы дзень. Летась увогуле прыходзілі пяць разоў. Правяралі на допінг, пыталіся, — распавядае Еўрарадыё Міхаіл Грабоўскі. — Таму для мяне гэта не сюрпрыз. Я думаю, на гэта ўвогуле не варта звяртаць увагі. Тым больш, у сітуацыі, калі там, у Парыжы ўсё выбухае… А раптам нашым у баулы што-небудзь засунулі? Раптам у віно ўлілі атруты? Гэта нармальны працэс. Няхай хлопцы не нярвуюцца".
Сёлета чэмпіянат свету па хакеі праходзіць у Францыі і Германіі. Гульні пачнуцца 5 траўня, у гэты ж дзень беларусы згуляюць з камандай Фінляндыі. Французы, гаспадары чэмпіянату, таксама будуць сапернікамі беларускай зборнай. Матч з імі адбудзецца 12 траўня. Таму Грабоўскі лічыць, што вобшук, зладжаны французскай паліцыяй, можа быць элементам псіхалагічнага ціску.
"Ну, а як вы хацелі? Французы — сапернікі нашы. Але трэба ўспрыняць гэта як складанасць, якая нас загартуе", — працягвае хакеіст.
Нагадаем, 3 траўня паліцыя праверыла рэчы хакеістаў і трэнераў зборнай Беларусі, якія прыехалі ў Парыж з Бардо. Каля 20 хвілін зборная была ў ачапленні сілавікоў. Але скончылася тым, што беларусам сказалі, што ў іх усё ў парадку.
У Федэрацыі хакея Беларусі не выключаюць, што здарэнне звязанае з леташнім вобшукам у зборнай Беларусі па веславанні, якая прыехала ў Францыю на трэніровачны збор. У выніку нашу каманду адхілілі ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра. Пазней беларусы даказалі беспадстаўнасць абвінавачванняў у судзе.