Гурт Inomarki мяняе назву і выпускае дэбютны альбом
Музыкі вырашылі размежаваць накірункі дзейнасці. Цяпер як Inomarki будзе выступаць кавер-бэнд, а VOX MIRA – выконваць выключна аўтарскую праграму.
Як распавёў Еўрарадыё лідар каманды Зміцер Шампанаў, такая думка ў гурта была ўжо даўно. Але канчаткова да гэтай высновы музыкі прыйшлі пасля перамогі на беларускім фінале GBOB.
“Мы зразумелі, што нам падабаецца больш сур’ёзная музыка. А назва Inomarki абсалютна не адпавядала філасофіі той музыкі, якую мы зараз спрабуем складаць і граць”.
Зараз гурт завяршае працу над дэбютным альбомам, рэліз якога запланаваны на канец лютага-сакавік. Пласцінка атрымала назву “Любовь. Протест. Меланхолия” і будзе складацца з 12 кампазіцый. Музыкі жартуюць, што за час працы над дэбютнікам ужо запісалі альбом двойчы, шукаючы адпаведны гук і настрой.
“Альбом атрымаўся рандомным і мы ўсё думалі, як жа аб’яднаць усе кампазіцыі ў адну ідэю. – працягвае Зміцер Шампанаў – Так атрымалася, што ў альбом увайшлі 4 песні пра каханне, 4 – з больш глыбокай лірыкай і 4 песні на англійскай мове. Таму мы ўмоўна падзялілі альбом на часткі і кожная з іх прасвечана сваёй тэматыцы”
Пакуль матэрыял знаходзіцца на звядзенні, але паслухаць новую праграму гурта можна ўжо 16-га студзеня, падчас канцэрта VOX MIRA ў сталічным клубе TNT. Больш пра гурт VOX MIRA неўзабаве ў вялікім інтэрв'ю на Еўрарадыё!