"Хацеў узбадзёрыць, настроіць на працоўны лад". Камандзіры Коржыча прызналі віну
Фота Еўрарадыё
У аўторак 17 кастрычніка ў Мінскім раённым судзе з апошнім словам выступілі прапаршчык Артур Вірбал і старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка. Яны камандавалі ротай, дзе загінуў салдат Аляксандр Коржыч. Камандзіраў абвінавачваюць у "злоўжыванні ўладай" (ч. 1 і 2 арт. 455 КК), але следства не лічыць, што яны маюць дачыненне да смерці радавога.
Падчас пасяджэння абвінавачаныя прызналі сваю віну і раскаяліся.
Артур Вірбал: "Высокі суд, па-першае, хацеў бы прынесці свае шчырыя выбачэнні пацярпелым за прычыненую шкоду, калі я яе сапраўды прычыніў. Гатовы кампенсаваць шкоду ў поўным аб'ёме. Па-другое, я цалкам згодны з абвінавачваннямі і цалкам прызнаю сваю віну, чыстасардэчна раскайваюся. Яшчэ хацеў бы адзначыць, што я не лічу, што прычыніў пацярпелым фізічны боль, знявагі або пакуты. Нават на папярэдніх пасяджэннях пацярпелыя казалі, што гэтага не было. Я проста хацеў іх ўзбадзёрыць, настроіць на працоўны лад. Я не хацеў рэалізаваць уладныя амбіцыі, падняць свой аўтарытэт. Так, у войску часам ўзнікалі моманты, калі тыя ці іншыя задачы радавымі ігнараваліся, яны не хацелі выконваць каманды, пачыналіся нейкія адмазкі. З гэтым трэба было неяк змагацца. Я ўсведамляю, што паступаў няправільна. Трэба было дзейнічаць згодна з законам, праводзіць гутаркі. Я цалкам прызнаю сваю віну і сардэчна раскайваюся. Прашу Высокі суд вынесці пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, таму што ў далейшым хацеў бы працаўладкавацца, прыносіць карысць сваёй сям'і і грамадству ў цэлым".
Павел Сукавенка: "Паважаны высокі суд, у злачынствах, якія здзейсніў, я прызнаю сваю віну, раскайваюся. Таксама хачу дадаць, што ніколі не ставіў сваёй мэтай кагосьці зняважыць, прынесці камусьці маральныя ці фізічныя пакуты. Ніхто з пацярпелых, якія выступалі падчас пасяджэнняў, не казалі, што цярпелі ціск з майго боку. Нават не лічаць сябе пацярпелымі. Прашу гэта ўлічыць. Таксама хачу папрасіць вас строга мяне не караць. Я думаю, што яшчэ здольны прынесці карысць грамадству, у першую чаргу, сваёй сям'і".
Пасля выступаў абвінавачаных суд пайшоў для прыняцця рашэння па прыгаворы. Ён будзе абвешчаны ў пятніцу, 19 кастрычніка, у 14:30.
Нагадаем, што раней дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа папрасіў для прапаршчыка Артура Вірбала чатыры, а старэйшага лейтэнанта Паўла Сукавенка шэсць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.
Адвакат Сукавенка Аляксандр Галіеў прасіў не пазбаўляць волі свайго падабароннага і заклікаў суд задумацца пра сапраўдныя прычыны нестатутных адносін у арміі.
"Падсудныя трапілі ў асяродак і парадак адносін, які ўжо склаўся", — казаў ён. Адвакат Вірбала таксама прасіла прызначыць свайму падабароннаму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, спасылаючыся на тое, што большасць пацярпелых не маюць да яго прэтэнзій.