Хлопец пісаў непрыстойныя паведамленні ад імя сваёй дзяўчыны
На Гродзеншчыне распачалі крымінальную справу ў адносінах маладога чалавека, які пісаў непрыстойныя паведамленні ад імя сваёй дзяўчыны. Пасля сваркі з ёй хлопец забраў яе мабільны тэлефон і, такім чынам, атрымаў доступ да яе акаўнтаў у сацыяльных сетках. З іх ён рассылаў знаёмым і сябрам дзяўчыны паведамленні, у якіх прысутнічала інфармацыя, якая ганьбіла яе гонар і годнасць, інфармуе прэс-служба міліцыі Гродзенскай вобласці.
У выніку, хлопцам зацікавілася міліцыя. Падчас расследавання высветлілася, што малады чалавек падазраецца ў здзяйсненні дзевяці злачынстваў. Ён не плаціў аліменты на дзіця, махлярскім шляхам завалодаў буйной сумай грошай даверлівых жыхароў Гродна — пазычыў 4 млн рублёў і 750 долараў.
Крымінальныя справы распачалі па артыкулах "Несакцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі" і "Махлярства".
Фота: Fotolia