Хто блакуе рашэнне Лукашэнкі і Парашэнкі аб стварэнні сумеснага тэлеканала?

Хто блакуе рашэнне Лукашэнкі і Парашэнкі аб стварэнні сумеснага тэлеканала?

Хутка міне два гады, як Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка дамовіліся аб стварэнні агульнага беларуска-ўкраінскага тэлеканала.

“З нашымі каналамі працуюць сумесна тры ці чатыры расійскія. Чаму мы не можам з Украінай стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва”, — заявіў на сустрэчы ў Кіеве 21 снежня 2014 года кіраўнік Беларусі.

Але да гэтага часу ні “сумеснага супрацоўніцтва”, ні нейкага асобнага ўкраінскага тэлеканала беларусы так і не пабачылі. Чаму?

Хто блакуе рашэнне Лукашэнкі і Парашэнкі аб стварэнні сумеснага тэлеканала?

Вельмі адказна вам заяўляю пра тое, што ў нас сапраўды былі перамовы, сустрэчы, але разам з тым, у адпаведнасці з заканадаўствам, у нас не было прапаноў з украінскага боку. Ёсць цэлы канкрэтны пералік дзеянняў, якія павінныя быць зробленыя, каб былі канкрэтныя прапановы. Таму перамовы будуць працягвацца, і думаю, што мы знойдзем паразуменне. Мы за тое, каб у нас было плюралістычнае інфармацыйнае поле

Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч

Здавалася б, менавіта афіцыйны Кіеў найперш павінен быць зацікаўлены ў выхадзе на “інфармацыйнае поле” Беларусі. Чаму ж нічога для гэтага не робіцца?

І разумеюць, і робіцца, сцвярджае намеснік міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны Арцём Бідэнка. Па яго словах, на перамовы са спадарыняй Ананіч яны прыязджалі некалькі разоў, прапаноўвалі беларусам, каб тыя “ўключылі ў кабельныя сеткі Беларусі ўкраінскі тэлеканал”, а яны наўзамен уключаць у свае сеткі беларускі тэлеканал. Але паразумецца так і не здолелі, кажа ўкраінскі чыноўнік.

“У адказ мы пачулі, што беларускі бок зразумеў дамоўленасць прэзідэнтаў па-іншаму. Што будзе створаны сумесны беларуска-ўкраінскі тэлеканал, які будзе часткова камерцыйным, ён павінен зарабляць грошы. Гэта павінен быць цікавы кангламерат накшталт каналу “1+1” ва Украіне і нейкага вашага каналу. Толькі так гэта і бачыцца. Паколькі ў нас няма паўнамоцтваў і ёсць адзіны дзяржаўны канал замежнага вяшчання, то мы далей рухацца не можам. Такім чынам, мы можам альбо абмяняцца тэлеканаламі, альбо чакаць нейкага іншага рашэння беларускага боку”, — заявіў Бідэнка.

А далей прадстаўнік украінскага Мінінфармпалітыкі пачынае разважаць пра тое, што блакуецца рашэнне аб трансляцыі ўкраінскага тэлеканала ў Беларусі па “настойлівай парадзе з Расіі”. Прабачце, але ж Лукашэнка сапраўды казаў менавіта пра гэта — “з Украінай стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва”. А не пра абмен размова ішла.

Хто блакуе рашэнне Лукашэнкі і Парашэнкі аб стварэнні сумеснага тэлеканала?

Праблема ўся палягае ў тым, што Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Украіны недастаткова эфектыўнае. Прасоўваць у Беларусь украінскае замежнае вяшчанне, што робіць наша міністэрства, — на маю думку, не найлепшае рашэнне: канал гэты вельмі слабы. І гэта не ў плюс іграе Украіне, а хутчэй у мінус

Яўген Магда, палітолаг, Украіна

Да ўсяго, кажа беларускі медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, ёсць наладжаныя кантакты з расійскімі тэлеканаламі, дзе беларускія тэлеканалы прывыклі набываць кантэнт. Прычым набываюць яго даволі танна, “пакетам”. Гэта калі разам з нечым цікавым для нашых тэлеканалаў набываецца і нешта менш цікавае, але што лічыць неабходным паказаць беларусам расійскі бок. А вось з украінскім бокам такога супрацоўніцтва па набыцці тэлепрадукцыі няма, яго толькі спрабуюць наладзіць.

“Беларускаму боку менш за ўсё патрэбная некантраляваная інфармацыйная прадукцыя. Ад расійскага боку беларускае кіраўніцтва гатовае цярпець інфармацыйныя перадачы, бо Крэмль вельмі раўніва ставіцца, калі іх перакрываюць. Таму беларускі бок напэўна мог бы набываць забаўляльны кантэнт, але не вельмі хацеў бы набываць інфармацыйны”, — кажа Быкоўскі.

Але забаўляльным кантэнтам “украінскага паходжання” Украіна пахваліцца не можа, шчыра канстатуе Яўген Магда. Дзе ж выйсце?

“Нягледзячы на ўвесь уплыў тэлебачання, неабходна не прасоўваць украінскі тэлеканал, а ствараць падзеі, якія стануць інфармацыйнай нагодай для ўсіх беларускіх СМІ. Да прыкладу: канцэртны тур Святаслава Вакарчука па Беларусі. Гэта антыбеларускае? Не. Пра гэта напішуць і пакажуць беларускія медыя? З вялікай верагоднасцю — так. Створыць гэта пазітыўны эфект у адносінах да Украіны? З вялікай верагоднасцю — так. Нельга падмяняць стварэнне інфармацыйных нагодаў перамовамі аб абмене тэлевізійнымі сігналамі”, — упэўнены ўкраінскі эксперт.

Згодны. Асабліва калі ў тым “украінскім сігнале” сёння няма нічога, што магло б адцягнуць увагу беларусаў ад “мянтоўскіх” серыялаў ці музычных шоу па расійскіх каналах. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі