Хто раскідвае па паштовых скрынях ананімкі пра штаб Цапкалы

Валерый Цапкала з Веранікай Цапкала / Еўрарадыё
Валерый Цапкала з Веранікай Цапкала / Еўрарадыё

На штаб Валерыя Цапкалы ідзе інфармацыйная атака. Яго паліттэхнолага Іллю Дабратвора абвінавачваюць у халатным стаўленні да збору подпісаў, а кіраўніка штаба Андрэя Ланкіна — у сувязях з КДБ. Колькі праўды ў гэтых паведамленнях, хто за гэтым стаіць і ці ўдаецца гэтым сілам пасеяць разлад сярод прыхільнікаў палітыка?

Для яго ўдзел у выбарах — гэта як гульня ў танчыкі

23 ліпеня ў рэдакцыю Еўрарадыё прыйшоў ананімны ліст з абвінавачаннямі ў адрас Іллі Дабратвора. Аўтар ананімкі называе паліттэхнолага "гэты бэнээфавец". Пазней мы даведаліся, што такая ж ананімка прыйшла на электронную пошту Партыі БНФ.

Аўтар ліста абвінавачвае Дабратвора ў нядобрасумленнасці пры зборы подпісаў. "Для яго ўдзел у выбарах — гэта як забаўка, гульня ў танчыкі, віртуальная рэальнасць", — піша ён (яна).

А 31 ліпеня на электронную пошту рэдактара Еўрарадыё прыйшло фота ўлёткі, якую наш чытач дастаў са сваёй паштовай скрыні.

 

Кто разбрасывает по почтовым ящикам анонимки о штабе Цепкало
Улёткі ў пад'ездзе на вуліцы Карастаянавай / Еўрарадыё

Правакатар і чалавек ад КДБ

У адрозненне ад Дабратвора, прэтэнзіі ў адрас Андрэя Ланкіна выказваюцца не ананімна. 26 ліпеня на ютуб-канале былой радыёвядучай, а цяпер прадпрымальніцы Таццяны Мартынавай з'явілася відэа, у якім яна абвінаваціла кіраўніка ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы ў сувязях з КДБ.

"Гэта правакатар і чалавек ад КДБ. Яны ўмеюць уцірацца ў давер. Усё, што я вам кажу, гэта цэлае расследаванне, якое правялі мае сябры ў Мінску. І я ім веру", — кажа Мартынава.

У размове з Еўрарадыё Андрэй Ланкін адмаўляецца каментаваць "чуткі і плёткі". Ды і што тут пракаментуеш? Даказаць адсутнасць сувязяў з КДБ немагчыма. У адрозненне ад наяўнасці такіх сувязяў. Але Таццяна Мартынава ніякіх доказаў у сваім відэа не прыводзіць.

"Ананімкі — прыкмета таго, што мы працуем добра"

Кто разбрасывает по почтовым ящикам анонимки о штабе Цепкало
Ілля Дабратвор — злева / Еўрарадыё

Ілля Дабратвор жа кажа, што кампанія па дыскрэдытацыі яго і калегі пачалася ўжо даўно. І паліттэхнолагу вядома, хто за ёй стаіць:

— Гэты чалавек раней быў у штабе Валерыя Цапкалы, а цяпер працуе ў штабе Ціханоўскай. Калі яна была ў нас, то ўзнікалі канфлікты, былі прэтэнзіі да яе працы. Цяпер гэты чалавек вырашыў дзейнічаць шляхам "ананімак". Мы маглі б напісаць у міліцыю заяву... Калі далей будуць распаўсюджвацца ўлёткі, то, вядома, будзем прымаць меры.

Была таксама думка падаць у суд за паклёп на Мартынаву. Але яна цяпер за мяжой.

— А навошта гэта робіцца?

— Для мяне такія ананімкі — прыкмета таго, што мы працуем добра. Вынік быў добры па кампаніі Валерыя Цапкалы. І цяпер мы з Андрэем Ланкіным працягваем працаваць. Выконваем рознага роду тэхнічныя задачы, каб да Валерыя Цапкалы не было ніякіх пытанняў. Таксама рэагуем на затрыманні былых сяброў ініцыятыўнай групы. Ездзілі да Вольгі Казулінай у Старыя Дарогі.

Штаб падзяліўся на два лагеры

Работнік штаба, які пажадаў застацца ананімным, кажа, што сітуацыя ў калектыве цяпер неадназначная:

— Пасля відэа Мартынавай людзі ў штабе падзяліліся на два лагеры: хто верыць гэтай гісторыі, а хто не. Ланкін як быццам афіцыйна не звальняўся [Мартынава ў сваім стрыме сцвярджае, што Валерый Цапкала звольніў свайго начштаба. — Еўрарадыё], але ў штабе цяпер з'яўляецца радзей. Наконт Дабратвора ніякіх чутак не ходзіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі