IIHF прыгразіла КХЛ санкцыямі за забарону на ўдзел гульцоў у Алімпіядзе

IIHF прыгразіла КХЛ санкцыямі за забарону на ўдзел гульцоў у Алімпіядзе

Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэнэ Фазэль заявіў, што зборная Расіі мае права адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе, але няправільна было б забараніць ехаць у Карэю гульцам іншых краін. І калі КХЛ увядзе такую забарону, то IIHF можа ўжыць санкцыі супраць яе. Гаворка ідзе пра штрафы. 

"Думаю, што фінскія, шведскія, чэшскія гульцы і хакеісты іншых краін, якія ўдзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях, хочуць прадставяць свае краіны на гэтым спаборніцтве, і будзе няправільна адмовіць ім у гэтым. Мы тут дзеля спартоўцаў і атлетаў, а не дзеля палітыкі. Калі сапраўды дойдзе да гэтага, гэта будзе сапраўдным кашмарам. Мне не хацелася б шантажаваць КХЛ. Мы павінны знайсці агульнае рашэнне на карысць спартсменаў і хакея ў цэлым", — цытуе РБК словы Фазэля.

КХЛ заявіла, што будзе разглядаць байкот Алімпіяды, калі да ўдзелу ў турніры Не дапусцяць зборную Расіі. Такое рашэнне можа прыняць Міжнародны Алімпійскі камітэт у выніку дакладу камісіі Макларэна пра допінг у расійскім спорце. 

Расійская хакейная каманда мае права выступіць пад нейтральным сцягам, калі яе не дапусцяць да гульняў. Аднак ад такога варыянту расіяне загадзя адмаўляюцца. Кіраўнік КХЛ Дзмітрый Чарнышэнка кажа, што ў такім разе для Лігі не будзе сэнсу рабіць перапынак на Алімпіяду, і яна працягне гуляць у ранейшым рэжыме.

Па яго словах, гэта будзе адказ НХЛ, якая таксама адмовілася ад удзелу ў Алімпіядзе. НХЛ адмовілася ад Алімпіяды з фінансавых прычынаў і забараніла паездку ў Пхенчхан усім хакеістам. Аднак НХЛ не ўваходзіць у IIHF і таму не абавязаная ўзгадняць свае дзеянні з міжнароднай федэрацыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі