Імя новага рэктара ЕГУ абвесцяць у першы тыдзень красавіка

Дата прызначэння новага рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (месціцца ў Вільні) неаднаразова пераносілася. Як паведамілі Еўрарадыё ў ЕГУ, новы тэрмін прызначаны на пачатак красавіка:

“Кіраўнічая рада ЕГУ ў цяперашні час знаходзіцца ў заключнай стадыі разгляду кандыдатаў на пасаду рэктара. Улічваючы сур'ёзнасць пытанняў, звязаных з яго прызначэннем, Рада прыняла рашэнне сустрэцца асабіста, каб разгледзець рэкамендацыі. Гэтая сустрэча адбудзецца ў канцы сакавіка і рашэнне GAPO (Генеральная Асамблея саўладальнікаў) будзе абвешчанае ў першы тыдзень красавіка”, — гаворыцца ў лісце, атрыманым Еўрарадыё ад віцэ-старшыні Кіраўнічай рады ЕГУ Дэна Дэвідсана.

На дадзены момант фаварытамі “выбарчай гонкі” на пасаду рэктара лічацца амерыканец Дэвід Полік, які цяпер выконвае абавязкі рэктара, беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч і выкладчыца ЕГУ Таццяна Шчытцова.

Нагадаем, конкурс на пасаду рэктара ЕГУ быў абвешчаны летась увосень. Былы рэктар універсітэта Анатоль Міхайлаў пакінуў сваю пасаду ў верасні 2014 года. Ён быў заснавальнікам навучальнай установы і кіраваў ёю ад моманту стварэння.

Фота — kyky.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі