Ініцыятара стварэння беларускамоўных класаў у Баранавічах дэпартуюць з Беларусі

Ініцыятара стварэння беларускамоўных класаў у Баранавічах дэпартуюць з Беларусі

29 снежня на працоўным месцы на авіязаводзе ў Баранавічах міліцыянты затрымалі актывіста Алега Малашчанку і адправілі ў ІЧУ, піша Intex-press.by. Заўтра яго чакае дэпартацыя.

Малашчанка — ураджэнец Баранавічаў, былы афіцэр. Службу ён заканчваў у Расіі, таму атрымаў расійскае грамадзянства. У Баранавічах жыве з 2004 года. Разам з жонкай яны дамагліся адкрыцця ў горадзе беларускамоўных класаў, удзельнічалі ў нацыянальных праектах і папулярызацыі беларускай культуры, неаднаразова былі назіральнікамі на выбарах.

25 лістапада Малашчанку запрасілі ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС і ўручылі рашэнне аб яго высылцы з краіны з 25 снежня. Ён падаў апеляцыю на гэтае рашэнне ў Брэсцкі абласны суд, але адказу пакуль не атрымаў. 

Тым не менш сёння мужчыну затрымалі міліцыянты. 

"Пасля абеду муж затэлефанаваў і сказаў, што яго выклікалі ў аддзел кадраў, дзе сказалі апрануцца і рыхтавацца да таго, шпа яго прыедуць. А крыху пазней мне затэлефанавалі з ІЧУ і сказалі, каб я сабрала ягоныя дакументы і рэчы і прывезла ў ІЧУ, бо заўтра, 30 снежня, Алега гвалтоўна дэпартуюць з Беларусі ў Расію. Цяпер я спрабую звязацца з адвакатамі і пракансультавацца з гэтай нагоды. Я спадзяюся, нам дадуць з ім убачыцца, таму што дзеці ў шоку, я таксама. Я лічу, яго высылка незаконная, пакуль мы не атрымаем адказ з Брэста", — распавядае Таццяна Малашчанка. 

Яна мяркуе, што яе мужа хочуць дэпартаваць, бо ўлады лічаць яго адным з завадатараў пратэстаў на 558-м авіяцыйным рамонтным заводзе, якія адбыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі