Інтэграцыя, СССР, Макс Корж: пра што беларусы пажартуюць у Вышэйшай лізе КВЗ

Каманда "Дзеці Цьюрынга" / vk.com/liga_lampa
Каманда "Дзеці Цьюрынга" / vk.com/liga_lampa

12 лютага стартаваў сезон Вышэйшай лігі КВЗ. Упершыню з 2001 года на сцэну выйдуць адразу дзве каманды з Беларусі — "Дзеці Цьюрынга" з Мінска і "Доктар Хаусс" з Магілёва.

Мы, шчыра кажучы, пра іх раней не чулі. Таму паглядзелі выступленні, пагутарылі з капітанамі і цяпер можам вам расказаць, пра што жартуюць беларускія гульцы Вышэйшай лігі КВЗ.
 

Што гэта за каманды?

"Дзеці Цьюрынга" — гэта каманда з БДУ. Усе ўдзельнікі — студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Капітан — чацвёртакурснік Марк Вялічка.

— Мы згуляем у Вышэйшай лізе 18 лютага. Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да выступлення, — расказвае Еўрарадыё Марк.

Другая беларуская каманда — "Доктар Хаусс" — кампанія з чатырох сяброў-магілёўцаў. На іх рахунку ўжо 138 гульняў. Цяпер хлопцы ў Маскве, рыхтуюцца да выступлення. Яны згуляюць у 1/8 фіналу ўжо 12 лютага.
 

"Я дамовіўся з адным уплывовым чалавекам..."

У асноўным "Дзеці Цьюрынга" жартуюць пра беларусаў і Лукашэнку. Яны нават устаўляюць у свае нумары ўрэзкі з яго выступленняў! Ад трансляцыі некаторых збітых стэрэатыпаў хочацца закаціць вочы, але расійская публіка сустракае такі гумар на ўра.

У снежні, напрыклад, "Дзеці Цьюрынга" згулялі ў фінале Цэнтральнай лігі Масквы і Падмаскоўя. Каманда выйшла на сцэну ў вышыванках, на экране паказалі чырвона-зялёны сцяг, галоўная тэма скетча — сустрэча Лукашэнкі і Пуціна па пытанні інтэграцыі.

— Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сустракаюцца, каб абмеркаваць паглыбленую інтэграцыю. Мы ўжо ведаем зыход гэтай нарады. Заўтра мы з вамі прачнёмся ў адной краіне... У адной вялікай Беларусі.

Зала рэагуе гучным смехам, хоць многім беларусам у снежні было зусім не смешна! Далей у ход ідуць вядомыя стэрэатыпы: "Цяпер у вас таксама стане чыста", "Вы зможаце ганарыцца Дар'яй Домрачавай", "Беларусы больш не будуць з'язджаць з Мінска на заробкі ў Расію".

У іншым выступе беларускія кавэзэшнікі выкарыстоўваюць заяву Лукашэнкі пра тое, што праз два гады Мінск стане сталіцай ЗША:

— Трэба дапамагчы Расіі ў барацьбе з ЗША. Але ЗША далёка. Таму наша задача — пасунуць ЗША бліжэй да межаў Расіі. Я дамовіўся з адным уплывовым чалавекам...

У гэты момант на экране з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка.

Интеграция, СССР, Макс Корж: о чём белорусы будут шутить в Высшей лиге КВН
"Дзеці Цьюрынга" / vk.com/turing_children

Увогуле, здаецца, што студэнты БДУ максімальна падстройваюцца пад расійскую аўдыторыю. Марк Вялічка гэтага і не адмаўляе: такога роду жарты расіянам сапраўды заходзяць.

— Але гэта ж самаіронія. Расіянам цікава назіраць, як мы можам пасмяяцца з сябе. У прынцыпе, так робіць большасць удзельнікаў з іншых краін і рэгіёнаў. Не бачу нічога дрэннага ў тым, каб пажартаваць з праблем, якія ёсць сёння, і звярнуць на іх увагу, — тлумачыць Марк.
 

"Мы ўсіх выгналі з Савецкага Саюза, а самі засталіся ў ім жыць"

У магілёўцаў тэмы, здаецца, крыху больш разнастайныя. Каманда "Доктар Хаусс" практыкуе ў асноўным фармат кароткіх замалёвак. Жартуюць пра адносіны, пра палітыку, пра родны Магілёў (вельмі па-добраму). Выкарыстоўваюць тыя ж стэрэатыпы пра беларусаў.
 

— Дзякуючы нам, вы [расіяне. — Еўрарадыё] ведаеце, што сябраваць — гэта дорага.

 

— Дзяўчына папрасіла назваць яе брудным словам.

— Міця, ну якая "слота"?

 

— (гучыць песня Макса Каржа "Мотылёк") Не, я гэтую песню спяваць не буду. Мяне пад яе запіхнулі ў тачку сілай і адвезлі да пацаноў.

— Куды?

— У ваенкамат.

 

— Мы з Беларусі. Гэта мы ўсіх выгналі з Савецкага Саюза, а самі засталіся ў ім жыць.

Интеграция, СССР, Макс Корж: о чём белорусы будут шутить в Высшей лиге КВН
Каманда "Доктар Хаусс" / vk.com/doktorhayss

У Вышэйшай лізе магілёўцы плануюць захаваць фармат — жартаваць пра актуальныя тэмы:

— Будуць жарты і пра Беларусь. Але мы не збіраемся яе як-небудзь прыніжаць, — расказвае Еўрарадыё ўдзельнік каманды Аляксандр Сакаў.Мы не хочам паказваць, што вось Расія — класная, а мы — не вельмі, усяго толькі маленькая краіна, якая нічога не можа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі