Іосуб: Людзям страшна захоўваць грошы ў беларускіх рублях
Такое меркаванне выказаў у гутарцы з Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб.
Па звестках Нацбанка, у кастрычніку чыстая купля насельніцтвам валюты дасягнула амаль 380 мільёнаў долараў. Прычым купля валюты пераважае над продажам пяты месяц запар.
Эксперт кажа, што прычынаў для гэтага дзве — эканамічная і псіхалагічная.
Вадзім Іосуб: "У нас на працягу ўсяго года рост сярэдняга заробку дастаткова сур'ёзна абганяў рост прадукцыйнасці працы. Іначай кажучы, грошай на руках у насельніцтва станавілася больш, чым, груба кажучы, на гэтыя грошы можна было б набыць беларускіх тавараў, заплаціць за беларускія паслугі".
Таму грамадзяне куплялі імпартныя тавары альбо ўкладалі грошы ў валюту.
Другая прычына, па словах Іосуба, — псіхалагічная: чаканне дэвальвацыі. Як прыкмету гэтага аналітык называе і тое, што беларусы пераводзяць свае рахункі з рублёвых у валютныя, хоць у рублёвых высокія стаўкі — пад 50% гадавых.
Іосуб: "Псіхалагічны фактар — гэта дастаткова высокія дэвальвацыйныя чаканні, якія на высокім узроўні падтрымліваюцца з сёлетняга чэрвеня. Аж да кастрычніка гэты працэс працягваецца. Людзям страшна захоўваць грошы ў беларускіх рублях. Яны бягуць з беларускага рубля і купляюць валюту".
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, быццам масавая купля валюты ў абменніках можа стаць прычынай будучай дэвальвацыі.
Фота — uvaga.by