Іпэшнік са “Жданоў”: З 1 сакавіка рынка не будзе, 90% кропак спыняць працу

21 лютага на галоўных інфармацыйных сайтах краіны з’явілася навіна — Аляксандр Лукашэнка адмяніў уласны ўказ аб выкананні тэхрэгламенту Мытнага саюза. А індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам далі адтэрміноўку яшчэ на тры месяцы на афармлення нашумелых сертыфікатаў якасці. Эйфарыя была заўчаснай. Уладзімір Калеснікаў, які шмат гадоў гандлюе на мінскіх “Ждановічах”, гаворыць, што 1 сакавіка закрыецца 90% гандлёвых кропак:

“Тут практычна 90% закрыюцца. Усе думаюць, што будзе з гэтымі сертыфікатамі. Дзе іх даставаць, што з імі будзе. Я таксама не ведаю, што буду рабіць. Не выйду, хутчэй за ўсё, хоць і маю дакументы, аформіў. На некалькі партый маю. Але не хачу адзін стаяць. Бо тады абавязкова правераць, нешта знойдуць”.

Уладзімір расказвае таксама, што пасля афармлення неабходных дакументаў яго тавар значна падаражэе. Ці будзе сэнс ім гандляваць, калі цяпер неахвотна раскупляюць і ранейшыя адносна танныя партыі, таксама невядома.

Чытайце таксама - На "Жданах" са зніжкамі распрадаюць не толькі тавар, але і гандлёвыя кропкі

Так што ў бліжэйшую нядзелю наведвальнікаў “Ждановічаў” могуць чакаць пустыя шэрагі. Уладзімір гаворыць, што псіхалагічны стан прадпрымальнікаў цяпер можна назваць “панікай”.

“Што з рынкам будзе? Не ведаю… Не магу нічога сказаць. Ва ўсіх прадпрымальнікаў паніка. Такі настрой, што ніхто нічога не ведае”.

Адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, таксама гаворыць што з адменай Лукашэнкам свайго ранейшага указа пакуль нічога не зразумела. Тэксту дакумента ніхто не бачыў, а правяраючыя органы на ўсе запыты развозяць рукамі і настойліва раяць з 1 сакавіка быць гатовымі да праверак:

“У Дзяржстандарце нам адказалі, што гэта не да іх пытанне, што дачынення да гэтага дакумента не маюць. Таму нічога каментаваць не могуць. Таму сітуацыя незразумелая і ніхто канкрэтна з чыноўнікаў яе не каментаваў — могуць правяраць сертыфікаты альбо не могуць”.

Тым часам у апошнія дні лютага на рынках краіны сапраўдны калядны распродаж — вопратка і абутак прадаюцца са зніжкай у 50 і нават 70%. Гандляры выкарыстоўваюць апошнюю магчымасць скінуць тавар, які можа стаць нелегальным ужо ў нядзелю. Так што калі каму нешта трэба — самы час наведацца на рынак.

Чытайце таксама - З 1 сакавіка некаторых ІП у Беларусі чакае штраф — да 9 млн рублёў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі