IT-бізнесмены Пракапеня і Зісер паабяцалі даць па 1000 еўра на прэмію Гедройца

IT-бізнесмены Пракапеня і Зісер паабяцалі даць па 1000 еўра на прэмію Гедройца

IT-бізнесмен Віктар Пракапеня паабяцаў даць 1000 еўра на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца, якая штогод уручаецца ў Мінску. Пра гэта Еўрарадыё стала вядома ў кулуарах прэс-канферэнцыі, на якой быў абвешчаны лонг-ліст прэміі Гедройца.

Арганізатары прэміі збіраюцца павялічыць прызавы фонд удвая — з 5000 еўра да 10000 еўра. Адзін крок да гэтага ўжо зроблены: 1000 еўра ахвяраваў і заснавальнік TUT.by Юрый Зісер.

Лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца абвешчаны ў Мінску 23 жніўня. Сябрам журы давялося прачытаць 7388 старонак. Гэта каля 105 старонак кожны дзень з моманту аб'яўлення усіх прэтэндэнтаў і да абвяшчэння доўгага спісу.

Змаганне за прэмію (афіцыйна абвешчана, што пакуль што яна складае 5000 еўра) працягваюць 12 кніг з 32, пададзеных на конкурс:

1. Уладзімір Арлоў. “Танцы над горадам”.

2. Альгерд Бахарэвіч. “Сабакі Эўропы”.

3. Валер Гапееў. “Мая мілая ведзьма”.

4. Адам Глобус. “Сям'я”.

5. Міхась Зізюк. “Планктон”.

6. Зараслава Камінская. “Русалкі клічуць”.

7. Ганна Кандрацюк. “Па Прыпяці па Нобель”.

8. Вінцэсь Мудроў. “Забойца анёла”.

9. Ганна Севярынец. “Дзень Святога Патрыка”.

10. Павел Севярынец. “Беларусалім”.

11. Анка Упала. “На заснежаны востраў”.

12. Ксенія Шталенкова. “Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах”.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная 28 снежня 2011 года і ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы.

Сёлета ў журы ўвайшлі літаратуразнаўцы і літаратурныя крытыкі: Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч. Гэта першы год, калі журы ў большасці складаецца з прафесійных даследчыкаў літаратуры. Дагэтуль асноўную частку журы складалі такія ж літаратары, як і намінанты.

У папярэднія гады галоўную ўзнагароду атрымлівалі Павел Касцюкевіч (2012), Уладзімір Някляеў (2013), Ігар Бабкоў (2014), Віктар Казько (2015), Макс Шчур (2016) і Зміцер Бартосік (2017).

Саарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі