Муж за жонку, жонка за мужа, сябры адзін за аднаго. Топ-5 літпрэмій Беларусі
Калі раптам з'яўляецца думка пачаць шукаць беларускія літаратурныя прэміі, то тут жа аказваецца, што іх даволі шмат. Каля двух дзясяткаў.
Вядома, у першую чаргу ўвагу прыцягваюць прэміі, у якіх ёсць грашовы прыз. У Беларусі практычна немагчыма зарабіць на жыццё літаратурнай працай, таму грашовая ўзнагарода з'яўляецца важкай прычынай паўдзельнічаць у конкурсе і пачаць змагацца за перамогу.
Прэмія імя Ежы Гедройца
Узнагарода: За I месца — чэк на 5 тысяч еўра. Узнагароды за ІІ і ІІІ месцы змяняюцца ў залежнасці ад магчымасцей арганізатараў.
Пераможцы: У 2012 годзе – Павел Касцюкевіч; 2013 – Уладзімір Някляеў; 2014 – Ігар Бабкоў; 2015 – Віктар Казько; 2016 – Макс Шчур; 2017 – Зміцер Бартосік.
Прэмія заснавана ў 2012 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў сумесна з Амбасадай Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскім Інстытутам у Мінску ў гонар Ежы Гедройца (1906-2000), які нарадзіўся ў Мінску і стаў вядомым польскім палітыкам, публіцыстам, рэдактарам і выдаўцом. У журы прэміі ўваходзяць пераможцы папярэдніх гадоў, літаратары, крытыкі, літаратуразнаўцы, а таксама прадстаўнікі польскага боку, аднак апошнія пару гадоў гэтая традыцыя была парушаная.
Прэмія ўручаецца штогод за найлепшую кнігу мастацкай ці дакументальнай прозы, напісаную па-беларуску, і вельмі хутка стала найбольш прэстыжнай сярод літаратараў, а вынікі ўзнагароджання выклікаюць найбольш бурныя спрэчкі ў беларускай літаратурнай тусоўцы.
Выбар пераможцы не заўсёды відавочны. Так, журы прэміі ў 2015 годзе праігнаравала кнігу Віктара Марціновіча "Мова" і нават не ўнесла яе ў “шорт-ліст”, а ў 2017 годзе абышло ўвагай "Радзіва Прудок" Андруся Горвата. Аднак найбольш часты пераможца другасных намінацый – Альгерд Бахарэвіч. Ён чатыры разы ўдзельнічаў, чатыры разы ўзнагароджваўся, але першае месца ні разу не заняў. Шмат хто прадказвае яму першае месца сёлета за яго opus magnum – "Сабакі Еўропы".
Прэмія імя Алеся Адамовіча
Узнагарода: Дыплом і памятны знак. У 2018 годзе лаўрэат атрымаў таксама грашовае ўзнагароджанне. Аднак сума не афішуецца. Кажуць, што грошы на ўзнагароджанне дала сама Святлана Алексіевіч, якая лічыць Адамовіча сваім настаўнікам.
Пераможцы: У розныя часы лаўрэатамі прэміі станавіліся вядомыя беларускія літаратары, публіцысты, грамадскія дзеячы – Уладзімір Арлоў, Павал Шарамет, Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута, Зміцер Бартосік і іншыя.
Прэмія заснавана ў 1995 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і мас-медыя ў гонар пісьменніка і аднаго з заснавальнікаў ПЭН-цэнтра ў Беларусі Алеся Адамовіча (1927 – 1994). Першапачатковым старшынёй журы быў Васіль Быкаў. Прэмію даюць ў галіне публіцыстыкі. Першыя два гады яна ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча, і ў чатырох намінацыях. Але пазней пачала ўручацца 26 студзеня, у дзень смерці пісьменніка, і толькі аднаму пераможцу.
Прэмія Максіма Багдановіча (Дэбют)
Узнагарода: Сертыфікаты на 2000 долараў кожнаму пераможцу ў трох намінацыях.
Пераможцы: у паэзіі – Віталь Рыжкоў (2011), Антон Францішак Брыль (2012), Андрэй Адамовіч (2013), Уладзь Лянкевіч (2014), Таццяна Нядбай (2015), Міхал Бараноўскі (2017). У прозе – Наталка Харытанюк (2011), Віктар Марціновіч (2012), Юлія Шарова (2013), Кацярына Оаро (2014), Аляксей Палачанскі (2015), Анатоль Івашчанка (2016), Андрусь Горват (2017), Зараслава Камінская (2018). У перакладзе – Наста Лабада (2011), калектыў часопіса “Прайдзісвет” (2012), Ганна Янкута (2013), Кацярына Маціеўская (2014), Сяржук Мядзьведзеў (2014), Адэля Дубавец (2017), Ганна Комар (2018), Юля Цімафеева (2018) і Наталля Бінкевіч (2018). Спецпрэміямі былі адзначаныя кнігі Глеба Лабадзенкі (2013), Дзмітрыя Дзмітрыева (2014), а таксама Ігар Кулікоў (2018).
Больш вядомая як прэмія “Дэбют”, яна была заснавана ў 2011 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, у гонар беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Максіма Багдановіча (1891-1917). Уручаецца ў трох намінацыях: "Проза", "Паэзія" і "Мастацкі пераклад". Атрымаць прэмію могуць літаратары, якім не болей за 35 гадоў, і толькі адзін раз у кожнай намінацыі. У журы ўваходзяць пераможцы папярэдніх гадоў, літаратары, крытыкі і літаратуразнаўцы.
У гэтай прэміі цікава тое, што журы часта прымае нечаканыя рашэнні: напрыклад, не кожны год ва ўсіх трох намінацыях ёсць пераможцы, але ёсць прэтэндэнты. Так у 2016 і 2018 годзе ў намінацыі "Паэзія" ніхто не атрымаў прэмію, ці ў 2015 і 2016 годзе не было пераможцаў у намінацыі “Мастацкі пераклад”.
Журы можа ўганараваць аўтараў некалькіх кніг у адной намінацыі. Так было ў 2014 годзе з мастацкім перакладам. Часам з'яўляецца спецпрэмія: у 2013 годзе яе атрымала кніга Глеба Лабадзенкі "Дзіцячая Замова", у 2014 годзе Дзмітры Дзмітрыеў , а ў 2018 годзе ёй быў узнагароджаны Ігар Кулікоў за маштабнасць і адвагу ў перакладніцкіх праектах і за пераклад на беларускую мову "Рыгведа. Кола І".
Кніга году
Узнагарода: Памятны прыз і грашовая ўзнагарода – 1 тысяча еўра.
Пераможцы: За 2014 год — Антон Рудак “Верхні Горад”, Альгерд Бахарэвіч “Дзеці Аліндаркі”. 2015 год — Андрэй Хадановіч “Нататкі таткі”. 2016 год — Наста Кудасава “Маё невымаўля”. 2017 год — Альгерд Бахарэвіч “Сабакі Еўропы”.
Заснаваная ў 2015 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам прэмія "Кніга году" прысуджаецца літаратарам самімі літаратарамі. У журы можа быць любы сучасны аўтар, чыя кніга выйшла за апошнія пяць гадоў на любой з тых моў, на якіх размаўляюць беларусы.
Кожны сябра журы павінен назваць тры найлепшыя кнігі. Лёс прэміі вызначаецца шляхам падсумавання балаў. Потым вынікі галасавання публікуюцца ў адкрытым доступе, і кожны можа паглядзець, хто за каго галасаваў. Дарэчы, гэта адна з нешматлікіх прэмій, у якой могуць удзельнічаць рускамоўныя беларускія пісьменнікі.
Мэта прэміі, як яе бачаць арганізатары, - у тым, каб заахвоціць беларускіх літаратараў чытаць адно аднаго і "прафесійна" выбіраць лепшага сярод аднолькавых. Аднак у выніку ўсё гэта ператвараецца ў фарс. Муж галасуе за жонку, жонка за мужа, сябры галасуюць адно за аднаго і шчыра прызнаюцца, што нават не адолелі кнігі, за якія галасавалі. Ці ёсць давер да такіх прэмій?
Пры гэтым арганізатары прэміі намагаюцца зрабіць узнагароджанне ў закрытым фармаце, імкнучыся стварыць атмасферу элітарнасці. Так, напрыклад, уручэнне за 2017 год прайшло ў гатэлі Double Tree by Hilton, куды запрасілі толькі тых пісьменнікаў і паэтаў, што падавалі свае кнігі на конкурс і ўваходзілі ў журы.
Прэмія Цёткі
Узнагарода: Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымліваюць 2 тысячы долараў.
Пераможцы: у 2016 годзе - пісьменніца Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік за кнігу "Сем ружаў", у 2017 годзе - Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў за кнігу "Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі". 2018 годзе - Валеры Гапееў за кнігу “Мая мілая ведзьма”, мастачка Лізавета Лянкевіч за ілюстрацы діа кнігі "Азбука. Вясёлы вулей" Рыгора Барадуліна.
Таксама маладая прэмія ў Беларусі. Заснаваная ў 2015 годзе ў гонар беларускай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч. Заснавальнікі: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і дабрачынны фонд "Вяртанне". Прэмія ўручаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі. У журы ўваходзяць дзіцячыя пісьменнікі і паэты, рэдактары дзіцячых часопісаў, мастакі.
Дзве маладыя прэміі, якія менш вядомыя за папярэднія, але яшчэ могуць выбухнуць, калі знойдуцца мецэнаты і інвестары, гатовыя ўкласціся ў развіццё беларускай літаратуры:
Прэмія імя Марыі і Аляксандра Стагановічаў
Узнагарода: Дыплом і памятны прыз. Ёсць грашовае ўзнагароджанне, сума якога не афішуецца.
Пераможцы: Першае месца ў 2015 годзе атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу "Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду". У 2017 годзе першае месца заняў Зміцер Бартосік за кнігу "Быў у пана верабейка гаварушчы…".
Прэмія за кнігу ў жанры дакументальнай літаратуры была заснаваная з ініцыятывы Тамары Стагановіч-Кольбы ў 2015 годзе, пры падтрымцы МГА "ЗБС"Бацькаўшчына" і выдавецтва "Лімарыус". Так яна пажадала ўшанаваць памяць пра сваіх бацькоў і падтрымаць літаратуру нон-фікшн у Беларусі. На прэмію вылучаюцца кнігі ў жанрах нон-фікшн: мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярыі, біяграфіі, падарожныя нататкі. У журы уваходзяць даследчыкі дакументальных жанраў, супрацоўнікі архіваў і музеяў, літаратуразнаўцы.
Прэмія імя Наталлі Арсенневай
Узнагарода: Дыплом і памятны знак.
Пераможцы: Першым лаўрэатам прэміі ў 2017 годзе стаў Уладзімір Някляеў, але памятную статуэтку ён аддаў паэтцы Насце Кудасавай, якая была адной з прэтэндэнтак на прэмію.
Гэта маладая літаратурная прэмія, заснаваная ў 2017 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і згуртаваннем "Бацькаўшчына". Прэміяй імя Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша "Магутны Божа" - узнагароджваецца найлепшая кніга паэзіі. У 2017 годзе прэмія была ўручана ўпершыню, але плануецца, што яна стане штогадовай.
Вядома, гэта не ўсе літаратурныя прэміі Беларусі. Але, напэўна, асноўныя і самыя важныя. Акрамя іх існуюць і іншыя. Напрыклад, за творы напісаныя ў зняволенні – Прэмія імя Аляхновіча. За гістарычную прозу — прэмія імя Багушэвіча. Асабістая прэмія "Залатая Літара", якую заснаваў Адам Глобус. Сімвалічныя прэміі "Блакітны Свін" і "Гліняны Вялес". Прэмія часопісу "Прайдзісвет" за найлепшыя пераклады замежных твораў на беларускую мову. Прэмія часопіса "Дзеяслоў" – "Залаты Апостраф". І мноства іншых. Ёсць дзяржаўныя прэміі, якія ўвогуле цёмны свет.
Але асноўная праблема гэтых прэмій - іх малая сімвалічная каштоўнасць. Яны мала цікавыя публіцы, за большасцю з іх не сочаць. Імі непрыкметна ўзнагароджваюць і яны ніяк не ўплываюць на літаратурны працэс. Большасць з іх з лёгкасцю маглі б перастаць існаваць і ніхто б гэтага не заўважыў.