Паэтцы Ларысе Геніюш і яе мужу пасмяротна вярнулі чэхаславацкае грамадзянства

Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш / Архіў сям'і

Чэшскія ўлады пасмяротна вярнулі паэтцы Ларысе Геніюш і яе мужу Яну грамадзянства Чэхаславакіі. Пра гэта паведамляе электронная бібліятэка Kamunikat.

У дакуменце аддзела па грамадзянстве дэпартамента права і гандлю абласнога аддзялення Паўднёва-Чэшскага краю сцярджаецца, што Ларыса і Ян Геніюшы атрымалі чэхаславацкае грамадзянства 4 ліпеня 1947 года і захоўвалі яго бесперапынна да канца жыцця: Ян — да 8 лютага 1979 года, а Ларыса — да 7 красавіка 1983.

Гэта азначае, што Геніюшаў незаконна пазбавілі грамадзянства Чэхаславакі і перадалі ў СССР як нібыта савецкіх грамадзян (гэта адбылося 12 жніўня 1948 года).

Ларыса Геніюш — адна з самых таленавітых беларускіх паэтак ХХ стагоддзя. Яна нарадзілася 9 жніўня 1910 года на тэрыторыі цяперашняга Ваўкавыскага раёна, пабралася шлюбам з Янкам Геніюшам і ў 1937 пераехала ў Прагу (там ён вучыўся, а потым працаваў лекарам).

У Празе Ларыса Геніюш брала ўдзел у працы ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі. У сакавіку 1943 стала Генеральным сакратаром урада і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. У сакавіку 1948-га яе з мужам арыштавалі, а потым перадалі ў СССР, хаця да таго Геніюшы ніводнага дня не жылі пад савецкай уладай і не прымалі савецкае грамадзянства. У 1949-м Геніюшам прысудзілі па 25 гадоў лагераў. У 1956-м іх часткова рэабілітавалі і зменшылі тэрмін пакарання да фактычна адседжанага — да васьмі гадоў. Пасля вызвалення Геніюшы жылі ў Зэльве пад наглядам спецслужбаў. Ларыса Геніюш прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства.

За вяртанне Ларысе і Яну Геніюшам чахаславацкага грамадзянства доўга змагаліся беларусы Чэхі.

Рэжым Лукашэнкі адмовіўся рэабілітаваць Ларысу Геніюш. А яе помнік у двары зэльвенскай царквы быў дэмантаваны на пачатку 2023-га, хаця яго ставілі з блаславення мітрапаліта Філарэта.

Паэтцы Ларысе Геніюш і яе мужу пасмяротна вярнулі чэхаславацкае грамадзянства
Сертыфікаты пра грамадзянства Геніюшаў / kamunikat.com
Паэтцы Ларысе Геніюш і яе мужу пасмяротна вярнулі чэхаславацкае грамадзянства
Сертыфікаты пра грамадзянства Геніюшаў / kamunikat.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі