Італьянская апазіцыя высвятляе, навошта Берлусконі ездзіў у Мінск

Італьянская апазіцыя заклапочаная візітам у Мінск кіраўніка ўрада Сільвіё Берлусконі 30 лістапада. Апазіцыянеры просяць растлумачыць мэты паездкі, паведамляе італьянская La Stampa. Выданне прыводзіць заяву лідэра Саюза дэмакратычных хрысціянаў П'ера Фердынанда Казіні, нядаўняга паплечніка Берлусконі. Ён здзіўлены тым, што італьянскі прэм'ер "стаў першым заходнім чыноўнікам такога ўзроўню, які наведаў Беларусь з афіцыйным візітам з тых часоў, як краінай кіруе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка".

Па словах Казіні, якія прыводзіць БелаПАН, ён быў здзіўлены, калі пачуў, як "перабольшана Берлусконі ўсхваляе Лукашэнку" і кажа пра папулярнасць беларускага кіраўніка сярод беларусаў. Казіні збіраецца накіраваць афіцыйны запыт спікеру парламента Італіі, каб прэм'ер-міністр растлумачыў дэпутатам, "на чым грунтуецца і куды вядзе новая вонкавая палітыка Італіі".

У сваю чаргу, генеральны сакратар Партыі левых дэмакратаў Італіі П'еро Фасіна заявіў, што Берлусконі "зноў прадэманстраваў павярхоўнасць і адсутнасць ведаў пра міжнародную сітуацыю".

Ён лічыць, што ўрад павінен "празрыста і выразна" растлумачыць мэты візіту прэм'ер-міністра ў Мінск. Фасіна адзначыў, што збіраецца выступіць на гэтую тэму перад парламентам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі