Італьянскі суд адмовіўся экстрадаваць беларуску, затрыманую паводле ордара Інтэрпала
Карына Зданевіч-Спыхальска / reform.news
Апеляцыйны суд Брэшыі ў Італіі 11 чэрвеня адмовіў Беларусі ў экстрадыцыі Карыны Зданевіч-Спыхальскай.
1 лютага жанчыну затрымалі паводле ордара Інтэрпала, выдадзенага на запыт беларускага боку.
"Я дзякую суддзям за разуменне сітуацыі і за дазвол мне вярнуцца ў Польшчу, краіну, дзе я пражыла ўсё жыццё і маю дваіх дзяцей. Праз гэтыя ордары на арышт Інтэрпала Беларусь пераследуе тых, хто выступае супраць рэжыму, і наступным крокам павінна быць іх адмена, каб прадухіліць паўтарэнне падобнай сітуацыі ў будучыні", — пракаментавала Карына газеце "Il Giorno".
Паведамляецца, што на слуханнях прысутнічала віцэ-консул Польшчы ў Мілане Эва Адамчык. Юрыдычная служба Офіса Ціханоўскай падала суддзям заключэнне, у якім адзначалася, што ў выпадку экстрадыцыі Карыне пагражаюць "катаванні, бесчалавечнае або прыніжальнае для годнасці абыходжанне і пераслед за яе палітычныя погляды".
Як паведамлялася раней, Карына Зданевіч-Спыхальска шмат гадоў жыве ў Польшчы. У 2020 годзе беларускія ўлады пачалі на яе крымінальную справу за наўмыснае банкруцтва. Беларуска заяўляе, што справу сфабрыкавалі за тое, што яна прымала ўдзел у акцыях супраць рэжыму Лукашэнкі, якія праходзілі ў Польшчы.
Карыну затрымалі, калі яна прыляцела на адпачынак у італію. Тры з паловай месяцы яна не магла пакінуць краіну і вярнуцца да сям'і ў Польшчу. Потым яе адпусцілі дадому, абавязаўшы вярнуцца на суд.
Учора слуханні ў Брэшыі завяршыліся адмовай у экстрадыцыі беларускі. Яе адвакат заявіў: "Некаторыя краіны, такія як Беларусь, выкарыстоўваюць Інтэрпал як інструмент палітычных рэпрэсій, і ў гэтым пытанні неабходна міжнароднае ўмяшанне".