Івана Шылу са школы выключылі настаўнікі, якія ў яго не выкладалі

Ніводны настаўнік, які выкладаў у Івана Шылы, не прагаласаваў за выключэнне вучня са школы. Як паведаміў Еўрарадыё сам хлопец, просьбу супрацоўнікаў КДБ ануляваць вынікі яго папярэдніх іспытаў настаўнікі не выканалі. Аднак пад ціскам і пагрозамі ўсё ж уручылі вучню пастанову аб выключэнні са школы напярэдадні апошняга іспыту.
Іван на настаўнікаў не крыўдуе, бо ўсе, хто прагаласаваў за выключэнне вучня, не выкладалі ў яго. Іван Шыла: “Ніводны настаўнік, які выкладаў у мяне, не прагаласаваў за тое, каб мяне адлічылі. Там 35 настаўнікаў, з якімі я ніколі не меў кантакту падчас майго навучання ў школе. Яны прагаласавалі, каб мяне выключыць са школы. А 28, якія ўстрымаліся, і 2, якія прагаласавалі супраць, гэта непасрэдна тыя настаўнікі, якія выкладалі ў мяне ў старэйшых класах”.

Нагадаем, 4 чэрвеня з салігорскай школы №4 напярэдадні апошняга выпускнога іспыту адлічылі актывіста "Маладога Фронту" Івана Шылу. Па інфармацыі маладафронтаўца, ініцыятарам яго выключэння быў мясцовы аддзел адукацыі. Аднак загадчык аддзела адукацыі Салігорскага райвыканкама Мікалай Маскевіч, пачуўшы ад Еўрарадыё, на якую тэму мы хочам паразмаўляць, сказаў, што моцна заняты і размаўляць адмовіўся.

Бацька Івана Уладзімір Шыла прызнаўся, што ў сына сапраўды былі пропускі, але афіцыйна яго выключылі за актыўную грамадскую дзейнасць і правапарушэнні:

Уладзімір Шыла:
“На самой справе ў Івана былі пропускі. Гэта так. Але ж гэта не асноўная прычына, яны гэтага і не хаваюць. Яны кажуць, што з-за пропускаў і шматлікіх правапарушэнняў. Усе затрыманні Івана за палітычную дзейнасць яны трактуюць менавіта як правапарушэнні”.

Трэба зазначыць, што цягам навучальнага года ў школе праводзілася каля трох педсаветаў. А за апошнія два дні там зладзілі два.

У знак салідарнасці з Іванам Шылам, з пасады дырэктара школы добраахвотна сышла Вольга Сянькова. У інтэрв’ю Еўрарадыё, яна прызналася, што працаваць у адукацыі сёння немагчыма.

Вольга Сянькова: “Я ўжо не дырэктар, я ўжо тут наводжу парадак. Я сыходжу. У мяне ёсць выслуга, і я сыходжу на пенсію па выслузе гадоў. Працаваць у адукацыі сёння немагчыма. У мяне адбілі ўсялякую ахвоту працаваць у адукацыі.”

Тыя, хто вучыўся з Іванам, гавораць пра хлопца, як пра добрага вучня. Аднакласнік Віталь Бандарчук расказаў Еўрарадыё, што Іван быў адным з лепшых у класе па гісторыі Беларусі, і “Чалавеку, дзяржаве, грамадстве”:

Віталь Бандарчук: “Былі, канечне: гісторыя Беларусі. “Чалавек, дзяржава, грамадства”. Іван нават хадзіў на спаборніцтвы па бегу адзін раз. Як вучань ён вельмі адказны, дружалюбны, ніколі не падводзіць, заўсёды выручыць у патрэбны момант”.

Іван збіраецца абскарджваць у судзе сваё адлічэнне са школы. Ён лічыць незаконным, што яго выключылі пасля допуску да іспытаў і тым больш здачы двух з іх. Аднак асаблівай надзеі на суд хлопец не мае.

Іван Шыла: “У мяне ёсць досвед разбіральніцтваў у судах. І асаблівых надзеяў я не маю. Ілюзіяў не будую. Але тым не менш, спрабаваць варта”.

Вядомыя беларускія дзеячы падпісаліся пад лістом у адрас старшыні Салігорскага райвыканкаму з заклікам аднавіць Івана Шылу.


Фота Юліі Дарашкевіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі