Ізраіль аб'явіў генеральнага сакратара ААН персонай нон грата

Антоніу Гутэрыш

Антоніу Гутэрыш / Reuters

Ізраіль аб'явіў генеральнага сакратара ААН персонай нон грата. Антоніу Гутэрыш дагэтуль не асудзіў ні леташні крывавы напад баевікоў ХАМАС на ізраільцян, ні ўчорашні ракетны ўдар Ірана.

Пра тое, што Гутэрышу забаронены ўезд у краіну, паведаміў міністр замежных спраў Ізраіля Ісраэль Кац. Ён піша, што "любы, хто не можа адназначна асудзіць агідны напад Ірана на Ізраіль, як гэта зрабілі амаль усе краіны свету, не заслугоўвае таго, каб ступаць на ізраільскую зямлю". Кіраўнік МЗС Ізраіля пераканы, што цяперашні генеральны сакратар ААН "застанецца плямай на гісторыі" арганізацыі, бо "падтрымлівае тэрарыстаў, гвалтаўнікоў і забойцаў".

У аўторак увечары Іран выпусціў па Ізраілі больш за 180 балістычных ракет. Многія з іх былі збітыя ў паветры, але некаторыя пераадолелі сістэму супрацьракетнай абароны.

Reuters нагадвае, што ў аўторак увечары Антоніу Гутэрыш выступіў з кароткай заявай, у якой згадаў толькі "апошнія напады на Блізкім Усходзе" і асудзіў канфлікт, які "працягвае абвастрацца". 

Партугалец Гутэрыш з'яўляецца генеральным сакратаром ААН з 2017 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі