Ізраіль адклаў пачатак наземнай аперацыі ў Газе да завяршэння візіту Байдэна
Ізраільская тэхніка ля мяжы з Сектарам Газа
Ізраіль, хутчэй за ўсё, пачне наземную аперацыю ў сектары Газа толькі пасля завяршэння візіту ў краіну прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Пра гэта піша выданне Der Spiegel са спасылкай на ўласныя крыніцы.
"Практычна выключаецца", што Ізраіль задзейнічае наземныя сілы падчас візіту Байдэна, піша выданне. Мяркуецца, што Байдэн прыбудзе ў Ізраіль 18 кастрычніка. Паводле дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена, Байдэн мае намер атрымаць ад ізраільскіх уладаў звесткі пра патрэбы краіны ў сферы бяспекі.
Тым часам прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву dpa заклікаў да цярпення ў барацьбе з ХАМАС. Паводле яго, размова ідзе пра "бітву паміж дабром і злом". "Мы павінны выгнаць зло з Газы, каб Ізраіль і палестынскі народ маглі жыць ва ўмовах свабоды і прымаць рашэнні аб сваёй уласнай бяспецы", — сказаў кіраўнік ізраільскай дзяржавы.
У аўторак раніцай Армія абароны Ізраіля зноў атакавала цэлі ў сектары Газа. Сярод атакаваных аб'ектаў аператыўныя штабы, ваенныя аб'екты, дзе знаходзіліся баевікі, і кватэры актывістаў тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС у сектары Газа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.